Паводле розных ацэнак, ва Ўкраіне ў часе Другой сусьветнай вайны загінула ад 8 да 10.000.000 чалавек, больш за 2 млн. былі прымусова вывезеныя на працу ў Трэці рэйх. Такую статыстыку агучыў прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка на ўрачыстым пасяджэньні Вярхоўнай Рады.
Ён таксама нагадаў, што чатыры апэратыўна-стратэгічных аб’яднаньня Чырвонай арміі, якія былі сфармаваныя ў 1943 годзе, былі названыя «Ўкраінскі франтамі». А на тэрыторыі Ўкраіны, дадаў Парашэнка, правялі амаль палову стратэгічных апэрацый Вялікай Айчыннай вайны.
З улікам гэтага, прэзыдэнт Украіны заклікаў Расею не манапалізаваць перамогу над нацызмам і не выкарыстоўваць яе для імпэрскіх замахаў.
У парлямэнце прысутнічалі вэтэраны Чырвонай арміі, Украінскай паўстанцкай арміі, а таксама сучаснае пакаленьне вэтэранаў — байцоў АТА. Сядзелі ў залі і народныя дэпутаты, члены ўраду, былыя прэзыдэнты Украіны — Леанід Краўчук, Леанід Кучма і Віктар Юшчанка.
Акрамя таго, на пасяджэньні прысутнічаў генэральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Пан Гі Мун. Пан Гі Мун запэўніў, што ААН будзе падтрымліваць Украіну ў яе барацьбе за мір, бясьпеку і незалежнасьць. Дзевятага траўня ён плянуе пабываць і ў Маскве — на ўрачыстасьцях з нагоды Дня перамогі.
Вэтэраны Чырвонай арміі, УПА і байцы АТА сабраліся разам на ўрачыстым пасяджэньні Вярхоўнай Рады.