Беларусь праз коску

Ціхан Чарнякевіч

Не пасьпеў хтосьці нацешыцца помнікам вялікаму князю Альгерду, як віцебскія ўлады, нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці, паабяцалі ўзьвесьці й помнік рускаму князю Аляксандру Неўскаму, апэлюючы да таго, што гэта ж – «таксама наша гісторыя». Да таго ж праект «падтрыманы Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Навуковай установай “Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, а таксама ўзгоднены з Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкам».


Мне гэты выпадак падаўся надзвычай сымптаматычным. Хто хадзіў па вуліцах беларускіх гарадоў і мястэчак, слухаў гучныя паведамленьні на вакзалах, глядзеў на этыкеткі прадуктаў айчыннай вытворчасьці, той ведае, што беларуская мова там час ад часу прысутнічае. Але – ня мае самадастатковасьці, хоць канстытуцыяй і дакляруецца білінгвізм.


У дзяржаве захоўваецца прывід білінгвальнай культуры. Іншая справа, што калі прыгледзецца, то ўсё беларускае-нацыянальнае мае кампэнсаторны характар. Нельга абвяшчаць цягнікі толькі на беларускай мове – абавязкова на дзьвюх, хоць і ў галаве трашчыць ад паведамленьняў. Нельга мець шыльды толькі беларускія – лепш дзьве. У этэры радыё «Сталіца» вядоўца зь лёгкасьцю пяройдзе на расейскую мову, як толькі да размовы далучыцца расейскамоўны пэрсанаж. Дый на нацыянальным тэлеканале «Беларусь-3» у перадачы, прысьвечанай літаратуры, працуюць дзьве вядучыя: адна расейскамоўная, другая – беларускамоўная.


Поўнай волі лепш не даваць. Адсюль вынікае й дваістасьць культурнага мысьленьня. Як можа стаяць у горадзе помнік Альгерду, эмісару нацыянальнай гістарыяграфіі, не ўраўнаважаны эмісарам расейскай гісторыі – Аляксандрам Неўскім, княгіняй Вольгай ці яшчэ кім? Не, такога быць ня можа, бо самога Альгерда недастаткова для поўнай карціны. Ён правамоцны «толькі ў сукупнасьці». Ён мусіць ведаць сваё месца.


Гэтае месца, ніша і ёсьць тая (магчыма, адзіная) заваёва адэптаў беларускай культуры, якая ў той ці іншай форме непарыўна цягнецца з часоў заснаваньня Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады і выдавецкай суполкі «Загляне сонцэ і ў наша ваконцэ».


Успамінаецца, як сядзеў некалі ў дзяцінстве на прыёме ў акуліста, ушчэнт папсаваўшы чытаньнем зрок. На нос насунулі цяжкія жалезныя акуляры і ў адну шчыліну, на здаровае вока, увапхнулі празрыстае шкельца, а на другое ставілі то моцную, то слабую лінзу. Якое ў вас – 0,1; 0,2; 0,3? Якія сымбалі бачыце на плякаце? Чытайце! Маеш два вокі, але яны роўныя толькі сваёй колькасьцю. Хворае – менш за адзінку. Так і зь сёньняшняй пазыцыяй улады да нацыянальнай культуры. Беларускае – less than one, як пісаў некалі амэрыканскі ўнівэрсытэцкі выкладчык Джозэф Бродскі. Беларусь – праз коску. Да здаровага яго трэба падцягваць. Да паўнавартага яно, маўляў, не дарасло.


Пішыце свае кніжкі, праводзьце свае курсы, здымайце свае перадачы, і – можа быць, некалі, у агляднай будучыні, калі заслужыце –мы зьменім лінзу на слабейшую.


Але на чыстае шкельца не разьлічвайце.