Асуджаны ў Расеі беларус Кірыл Сілівончык сьцьвярджае, што не пісаў тых словаў, якія ставяць яму ў віну, — ён зрабіў перапост малюнка з групы «Ўкантакце», на якую быў падпісаны.
Незалежная адвакатка Сьвятлана Лакціёнава наведала Кірыла Сілівончыка ў СІЗА № 1 Ніжняга Ноўгараду.
Беларус Кірыл Сілівончык працаваў сыстэмным адміністратарам у Ніжнім Ноўгарадзе на вайсковым заводзе кампаніі «Авіярамонт». 9 красавіка Маскоўскі вайсковы акружны суд прысудзіў яго да двух гадоў калёніі-пасяленьня паводле крымінальнага артыкула 205.2 «Публічныя заклікі да ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці».
Кірыла Сілівончыка абвінавацілі па адным эпізодзе разьмяшчэньня ў сацыяльнай сетцы «Ўкантакце» допісу, які ўтрымліваў заклікі да зьнішчэньня расейцаў і іх маёмасьці і збройных дзеяньняў. Вытрымка з прысуду з поўным тэкстам допісу, прадстаўленая прэс-службай Маскоўскага вайсковага акружнога суду, ёсьць у распараджэньні Радыё Свабода.
Адвакатка Сьвятлана Лакціёнава паведаміла:
«Словы, якія ставяцца яму ў віну, паводле ягоных сьцьверджаньняў, не зьяўляюцца ягоным аўтарскім тэкстам. Сам ён сьцьвярджае, што гэтых словаў не пісаў, а зрабіў перапост з групы „Ўкантакце“: і тэкст, і карцінку адначасова.
Разам з гэтым ён прызнае, што парушыў закон РФ, бо распаўсюдзіў матэрыялы, якія расцанілі як заклік да ўчыненьня тэрарыстычных дзеяньняў».
Ані адвакатка, ані сам Кірыл ня маюць інфармацыі наконт таго, ці прызнаная дзейнасьць гэтай групы «Ўкантакце» экстрэмісцкай і ці прадпрымаліся ў дачыненьні да яе ўдзельнікаў нейкія меры.
Адвакатка кажа, што Кірыл прыняў рашэньне не абскарджваць прысуд, бо лічыць, што атрымаў мінімальнае пакараньне. Сваю адмову ён зафіксаваў у расьпісцы.
Сьвятлана Лакціёнава распавяла са словаў Кірыла, як адбывалася яго затрыманьне і судовыя дзеяньні:
«18 сьнежня да яго прыехалі супрацоўнікі ФСБ. Правялі вобшук у яго на працы і там, дзе ён наймаў кватэру. На працы яго звольнілі задняй датай. У сувязі з тым, што ў яго не было рэгістрацыі і месца працы, яго зьмясьцілі пад арышт. У іншым выпадку ў яго быў бы хатні арышт.
Пасьля 19 сьнежня яму абралі меру стрыманьня. І 9 красавіка было адзінае выязное паседжаньне Маскоўскага акружнога вайсковага суду. Паводле ягоных словаў, было тры судзьдзі. Суд працягваўся 2 гадзіны. Ён абраў асаблівы парадак разгляду і прызнаў сваю віну ў поўным аб’ёме. На судзе нікога, апроч адваката „па прызначэньні“ Юліі Баранец, прадстаўніка абвінавачаньня і судзьдзяў, не прысутнічала».
Сьвятлана кажа, што арышт стаў для Кірыла шокам, аднак цяпер ён пачуваецца добра і «нават усьміхаецца».
Сілівончык адзначыў слабую працу адваката «па прызначэньні» Юліі Баранец падчас сьледзтва і суду:
Як такой, працы з адвакатам у яго не было. Яна ўвесь час „сядзела ў тэлефоне“, яны ані разу не заставаліся сам-насам
«Як такой, працы з адвакатам у яго не было. Яна (Юлія Баранец. — РС) увесь час „сядзела ў тэлефоне“, яны ані разу не заставаліся сам-насам, — распавядае Лакціёнава. — Яна не давала яму ані вусных, ані пісьмовых кансультацыяў. Спосаб абароны ён выбіраў сам. Па ягоных словах, яе ўдзел быў мінімальны».
Пакуль няма адказу на пытаньне, чаму сярод мільёнаў карыстальнікаў сеткі «Ўкантакце» ФСБ абрала якраз беларуса Кірылу Сілівончыка.
«Адзінае, што ён (Кірыл. — РС) паясьніў, што да яго ўжо сьледчыя прыйшлі з заключэньнем экспэрта. Імаверна, зь лінгвістычнай экспэртызай. Іншых матэрыялаў справы ён ня бачыў, — кажа Лакціёнава. — Ён сказаў, што сьледчыя былі ў курсе ягоных перасоўваньняў. Яны вылічалі па IP-адрасах, калі ён знаходзіўся ў Беларусі, зь якіх IP-адрасоў выходзіў у сацсеткі. Нейкая распрацоўка вялася да яго затрыманьня».
Працу адвакаткі Сьвятланы Лакціёнавай аплацілі валянтэры зь Беларусі. Сьвятлана кажа, што па лініі абскарджваньня прысуду супрацоўніцтва з Кірылам пакуль не плянуецца:
«Мы будзем адсочваць, як ён адбывае пакараньне, ці ўсё ў яго добра, ці не адчувае ён ціск. І ў дадзены момант мы займаемся атрыманьнем копіі прысуду Маскоўскага акружнога вайсковага суду», — паведамляе яна.
Паводле Сьвятланы, Кірыла вельмі падбадзёрвае і матывуе тое, як падтрымліваюць яго сваякі, маці і суайчыньнікі.
«Ён плянуе вярнуцца ў Беларусь, — кажа Сьвятлана. — Падтрымка яму вельмі прыемная і ў сытуацыі, у якой ён знаходзіцца, вельмі важная».
Кірыл — інвалід трэцяй групы. Паводле адвакаткі, на ўмовы ўтрыманьня ён ня скардзіцца, атрымлівае перадачы і сказаў, што мае ўсё яму неабходнае.
З аб’ектыўных прычынаў Сьвятлана Лакціёнава ня можа адказаць на пытаньне, ці магла б справа Кірыла Сілівончыка мець іншы вынік:
«Я ня бачыла матэрыялаў справы і пакуль ня маю нават прысуду. Па словах самога Кірыла, парушэньняў у працэсе ў яго не было, — кажа яна. — Калі зыходзіць з артыкула і складу, які яму быў пастаўлены ў віну, гэта сапраўды мінімальнае пакараньне, асабліва калі ён цалкам прызнаў віну».
Кірыл Сілівончык цяпер знаходзіцца ў СІЗА № 1 Ніжняга Ноўгараду (адрас: 603009 Россия, Нижегородская обл., г. Нижний Новгород, пр. Гагарина, 26а). Рыхтуюцца дакумэнты, каб этапаваць яго далей у калёнію.