Радыё Свабода публікуе фрагмэнты новай кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста пяты». У гэтым разьдзеле — пра тое, хто зьбіваў дэпутатаў у Авальнай залі.
Хто зьбіваў дэпутатаў Апазыцыі БНФ? — пытаньне, на якое няма афіцыйнага адказу і сёньня. Але — толькі афіцыйнага. Выканаўцаў злачыннага загаду можна даволі лёгка выявіць; некаторыя іх імёны добра вядомыя.
Раніцай 12 красавіка 1995 года Генэральны пракурор Васіль Шаладонаў узбудзіў крымінальную справу па факту зьбіцьця дэпутатаў Вярхоўнага Савету ў Авальнай залі.
Сьледзтва вёў сьледчы па асабліва важных справах пры Генэральным пракуроры Язэп Бролішс. Для нас яго імя было гарантыяй таго, што сьледзтва пойдзе сур’ёзна: менавіта Бролішс расьсьледаваў у канцы 80-ых справу па Курапатах і, паводле ацэнак Пазьняка, паказаў сябе чалавекам сумленным і прынцыповым.
Такое ж ўражаньне Бролішс зрабіў і на мяне пры асабістым знаёмстве. Кожнага з удзельнікаў галадоўкі выклікалі ў Генэральную пракуратуру, і мы дэталёва апісвалі Бролішсу падзеі той начы.
Калі Бролішс скончыў афіцыйную частку гутаркі, ён устаў, падышоў да вакна і, павярнуўшыся да мяне, спытаўся:
— Сяргей Іосіфавіч, як Вы думаеце — хутка гэта ўсё скончыцца?
Ня трэба было тлумачыць, што мае ён на ўвазе пад «гэта ўсё» — але і нешта канкрэтнае адказаць я, вядома, ня мог. Думаю, што ён і не чакаў ад мяне такога адказу, а проста такім вось чынам хацеў паказаць свае адносіны да тых парадкаў, якія ўсталёўваліся ў Беларусі.
У той самы дзень Бролішс мне сказаў, што Адміністрацыя прэзыдэнта, якой кіраваў Леанід Сініцын, адмовілася прадаставіць ў пракуратуру відэазапіс зьбіцьця дэпутатаў. На касэце, якую далі ў адміністрацыі, бачна толькі, як мы сядзім ў правым сэктары прэзыдыюму — за некалькі сэкундаў да таго, як у Авальную залю ўвайшлі Цесавец, Каралёў і невядомы ў кепцы колеру хакі. Аднак запіс абрываецца.
Калі Бролішс скончыў афіцыйную частку гутаркі, ён устаў, падышоў да вакна і, павярнуўшыся да мяне, спытаўся: — Сяргей Іосіфавіч, як Вы думаеце — хутка гэта ўсё скончыцца?
Даволі хутка Бролішсу ўдалося апытаць удзельнікаў падзеяў — за выключэньнем тых самых загадкавых «людзей у масках», якія напалі на нас першымі.
Праўда, і тыя, хто прыходзіў на допыт у пракуратуру, давалі, мякка кажучы, непраўдзівыя паказаньні: усе яны заявілі, што дэпутатаў не зьбівалі, тады як нас білі ня толькі тыя, у масках, але і спэцназаўцы, якія цягнулі нас па Авальнай залі і па прыступках у варанкі. А Алесь Шут быў зьбіты дубінкамі ўжо пасьля таго, як яго выкінулі ля сквэру Янкі Купалы.
5 кастрычніка 1995 году старшы сьледчы па асабліва важных справах пры Генэральным Пракуроры Язэп Бролішс прыняў рашэньне аб прыпыненьні папярэдняга сьледзтва па крымінальнай справе, узбуджанай 12 красавіка 1995 г. па факту зьбіцьця дэпутатаў. Працытую фрагмэнт Пастановы:
«Устаноўлена, што ў Доме ўрада былі вайскоўцы ўнутраных войскаў першай роты вайсковай часткі 3214 у колькасьці 37 чалавек, першай роты вайсковай часткі 5448 у колькасьці 43 чалавек, атрад міліцыі асаблівага прызначэньня МУС у складзе 86 чалавек, 24 службоўцы Галоўнага ўпраўленьня аховы МУС. Гэтыя ваеннаслужачыя і супрацоўнікі міліцыі дапытаныя, паказалі, што гвалту адносна дэпутатаў не ўжывалі.
Апроч вышэйназваных, у Доме ўраду былі і зьдзяйсьнялі актыўныя дзеяньні ў адносінах да дэпутатаў падразьдзяленьні, ведамасная прыналежнасьць і асабісты склад якіх сьледзтвам ня выяўленыя.
Наяўныя ў справе зьвесткі пра ўдзел у падзеях, што расьсьледуюцца, ваенізаванага фармаваньня органаў дзяржбясьпекі па барацьбе з тэрарызмам кіраўніцтва КДБ РБ не пацьвердзіла.
Датычнасьць войска ў падзеях у Доме ўрада Міністэрства абароны адмаўляе.
Упраўленьнем аховы пры прэзыдэнце рэспублікі неаднаразовыя запыты пракуратуры пакінутыя без рэагаваньня.
Касэты відэазапісу, выкананага ў залі пасяджэньняў Вярхоўнага Савету, Адміністрацыя прэзыдэнта сьледзтву не перадае. Зьмест касэтаў мае істотнае значэньне для вызначэньня кола ўдзельнікаў падзей, што расьсьледуюцца, вызначэньня іх асобаў, ступені ўдзелу і магчымай віны, і, такім чынам, выяўленьня ісьціны па справе...
Улічваючы, што па справе вычарпаныя ўсе магчымасьці для зьбіраньня дадатковых доказаў сьледчым шляхам, кіруючыся п. 3 арт. 194 КПК РБ,
пастанавіў: папярэдняе сьледзтва па справе прыпыніць празь невызначэньне асоб, якія падлягаюць прыцягненьню ў якасьці абвінавачаных».
Такім чынам, Бролішс пералічвае тых супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, каго яму ўдалося апытаць (усяго 190 чалавек). Гэта — далёка ня поўная колькасьць тых, хто знаходзіўся ў тую ноч у Доме ўраду (неафіцыйна Бролішс казаў, што было каля 600 чалавек).
Але самае галоўнае — сьледчаму так і не ўдалося высьветліць, хто былі тыя людзі ў чорных трыко і чорных масках, якія першымі напалі на дэпутатаў? Тыя самыя, «ведамасная прыналежнасць» якіх «ня выеўленая».
Дык хто ж гэта быў?
Існавала некалькі вэрсіяў, і кожная зь іх мела аргумэнтацыю.
Казалі, што гэта былі супрацоўнікі службы аховы Лукашэнкі. На карысьць гэтага быў той факт, што за тры гадзіны да зьбіцьця, калі начальнік упраўленьня аховы Цесавец і начальнік службы аховы Лукашэнкі Каралёў спрабавалі выдаліць нас з Авальнай залі, — разам зь імі былі пара дзясяткаў маладых людзей у джынсах і скураных куртках (іх удалося сфатаграфаваць Лявону Дзейку), якія прайшлі ў сэктар прэзыдыюму, дзе мы сядзелі, аднак ніякіх сілавых дзеяньняў да нас не зьдзяйсьнялі. Магчыма — яны рабілі, так бы мовіць, рэкагнасцыроўку, вывучалі месца будучых дзеяньняў (а таксама і прыглядаліся да нас, аб’ектаў гэтых самых дзеяньняў).
Але тое, што мы перад самым зьбіцьцём селі ў той самы сэктар, дзе і сядзелі раней — супадзеньне: мы маглі сесьці і ў іншыя крэслы.
У часе «апэрацыі» ў Авальнай залі знаходзілася дзесяткі ўзброеных аўтаматычнай зброяй людзей, і ніхто ня мог даць ніякай гарантыі, што не пачнецца страляніна і куля — выпадкова — не пацэліць Лукашэнку ў лоб.
Дарэчы, потым казалі (і нават пісалі), што сярод гэтых «гарылаў» у чорных масках мог быць і Лукашэнка, які не адмовіў сабе ў задавальненьні асабіста нанесьці ўдары па сваім палітычным праціўніку — Зянону Пазьняку.
Ведаючы Лукашэнку, я цалкам дапускаю, што ён мог бы выявіць такое жаданьне.
Але гэтая вэрсія адразу падалася мне нерэальнай, і вось чаму.
У часе «апэрацыі» ў Авальнай залі знаходзілася дзесяткі ўзброеных аўтаматычнай зброяй людзей, і ніхто ня мог даць ніякай гарантыі, што не пачнецца страляніна і куля — выпадкова — не пацэліць Лукашэнку ў лоб.
З гэтай прычыны магчымасьць прысутнасьці Лукашэнкі ў гэты момант у Авальнай залі выключалася — кіраўніцтва службы аховы хутчэй бы адмовілася ад апэрацыі, чым падставіла свайго патрона. Лукашэнка быў у сваім кабінэце за некалькі дзясяткаў мэтра ад месца падзеяў, магчыма, назіраў за падзеямі па маніторы (і ўжо дакладна прагледзеў потым відэастужку) — але ў Авальнай залі яго не было.
Іншая вэрсія, якая абмяркоўвалася — што дэпутатаў зьбівала дасланая з Расеі (магчыма, з Масквы) група нейкай спэцслужбы.
Першы аргумэнт на карысьць гэтай вэрсіі — што пасьля начнога візыту Цесаўца і Каралёва прайшло амаль тры гадзіны, і за гэта час якраз даляцеў самалёт з камандай «чорнамасачнікаў». Такое рэальна, асабліва калі ўлічыць, што апэрацыя магла быць распрацаваная ў Маскве альбо з удзелам расейскіх «кансультантаў».
Другі аргумэнт — калі зьбівалі Мікалая Крыжыноўскага і ён крыкнуў — «Што вы робіце, вы ж беларусы!» — яго пачалі біць яшчэ мацней. У некаторых маіх калегаў было ўражаньне, што людзі ў масках не разумеюць значэньня беларускіх словаў.
Аднак падзеі, якія адбываліся ў наступныя гады, калі ўжо не загадкавыя людзі ў чорных масках, а міліцыянты, беларускія хлопцы, набраныя зь беларускіх гарадоў і вёсак, жорстка, у кроў зьбівалі ўдзельнікаў масавых акцый, і пры гэтым асабліва зьдзекваліся з тых, хто размаўляў па-беларуску — паказалі, што нянавісьць да беларускага — зусім неабавязкова ўласьцівасьць прыхаджанаў.
Увосень 1995 году тагачасны выканаўца абавязкаў Генэральнага пракурора Васіль Капітан сказаў мне ў прыватнай гутарцы, што першы намесьнік старшыні КДБ Рэспублікі Беларусь Валер Кез, сапсаваўшы адносіны зь Віктарам Шэйманам (у той час — сакратар Рады бясьпекі), прызнаўся, што зьбівала нас спецпадразьдзяленьне афіцэраў КДБ «Альфа». Аднак, сказаў Капітан, паколькі гэтае падразьдзяленьне звышсакрэтнае — КДБ адмовілася прадстаўляць прозьвішчы ўдзельнікаў Генэральнай пракуратуры (што само па сабе ў прававой дзяржаве было б незаконным).
Празь некалькі гадоў генэрал-лейтэнант Валер Кез у адным зь інтэрвію папрасіў прабачэньня ў дэпутатаў Апазыцыі БНФ і сказаў, цяпер ужо публічна, што зьбівалі іх афіцэры групы КДБ «Альфа». Менавіта яны і былі тымі самымі «гарыламі» ў чорных масках.
У чэрвені 1996-га, знаходзячыся разам зь Зянонам Пазьняком у Варшаве (тады яшчэ мы ня думалі, што гэта будзе пачаткам шматгадовай эміграцыі), гартаючы адну зь менскіх газэтаў, я апазнаў чалавека, які быў апрануты ў форму хакі (такога ж колеру была і ягоная кепка) і ўвайшоў ў Авальную залю разам зь Цесаўцом і Каралёвым за некалькі хвілінаў да таго, як на нас наляцелі людзі ў масках. Пад фотаздымкам быў подпіс — «новы начальнік службы аховы прэзыдэнта Юры Бародзіч».
12 красавіка 95-га Бародзіч кіраваў «апэрацыяй» у Авальнай залі — а ўжо праз тры тыдні, 4 траўня, Лукашэнка прызначыў яго начальнікам Службы прэзыдэнцкай аховы.
Тады ж я напісаў ліст у Генэральную пракуратуру; адтуль на мой менскі адрас прыйшоў адказ, што мой зварот далучаны да крымінальнай справы.
Вось як увосень 2014 году газэта «Советская Белоруссия» падавала ягоную біяграфію: «Генэрал-маёр запасу Юрый Бародзіч — адзін з найбольш паважаных і дасьведчаных спэцыялістаў у сфэры дзяржаўнай аховы і бясьпекі. І гэта адзначаюць як у нашай краіне, так і ў краінах — удзельніцах СНД. Менавіта гэтага чалавека ў 1995 годзе Аляксандар Лукашэнка прызначыў кіраўніком сваёй службы бясьпекі. Раней афіцэр камандаваў групай „А“ КДБ, стаяў ля вытокаў беларускай „Альфы“. Яшчэ падчас службы ў СБП Юрый Бародзіч кіраваў Фэдэрацыяй хакея Беларусі.
Пасьля адстаўкі быў афіцыйным прадстаўніком Камітэта дзяржбясьпекі Беларусі пры ФСБ Расіі і Антытэрарыстычнага цэнтру СНД, у нашай краіне уўначальваў БФСТ „Дынама“» («Советская Белоруссия», 2 кастрычніка 2014 года).
Выглядае, што і пасьля майго звароту (апазналі «чалавека ў кепцы» і іншыя дэпутаты) Бародзіча ў пракуратуры ніхто не дапытваў, да адказнасьці не прыцягваў, і ў момант, калі я пішу гэтыя радкі, ён усё яшчэ застаецца «адным з найбольш паважаных».
У 2015 годзе Бародзіч узначальвае вэтэранскую арганізацыю афіцэраў «Альфа» і раздае інтэрвію, у якіх прызнаецца ў «пэўнай настальгіі па Савецкім Саюзе» і заяўляе расейскім журналістам, што «мы гаворым на адной мове і нас зьвязвае агульная гісторыя». Што ж — для таго, каб беларусы былі пазбаўленыя сваёй мовы і забыліся на ўласную гісторыю, уначы 12 красавіка 1995 ён прыклаў пэўныя намаганьні.