«Мы гуляем ня толькі на перамогу, але й дзеля задавальненьня». Як у Ашмянах рыхтуюць футбалістаў у прыватнай футбольнай школе

Your browser doesn’t support HTML5

Беларускамоўная футбольная акадэмія ў Ашмянах: Мы гуляем не на перамогу, а ў задавальненьне

Трэніроўку, на якой беларуская мова — гэта норма, наведала Свабода.

Чацьвёрты год у Ашмянах працуе футбольная акадэмія Fair Play («шчырая гульня»). Да жніўня 2014 г. яна называлася прыватнай футбольнай школай «Нёман», Ашмяны. Заснавальнік і трэнэр — мянчук Алесь Кушнер.

Ня край сьвету, а цэнтар Літвы-Беларусі

На першы погляд можа падацца, што Ашмяны месьцяцца на самым краі цывілізацыі. Горад пад самай мяжой зь Літвой, больш як за 200 км ад абласнога цэнтру — Гародні. Адсюль, з так званага «гарадзенскага апэндыксу», бліжэй да Менску ці нават да Берасьцейскай вобласьці, чым да абласнога цэнтру.

Але калі прыбраць дзяржаўныя межы, становіцца зразумела, што ніякі гэта не апэндыкс, а горад між дзьвюх сталіц. Да сваёй сталіцы, Менску, тут 130 км. Да гістарычнай сталіцы Вільні — 55. З улікам праходжаньня беларуска-літоўскай мяжы час, каб даехаць да абодвух гарадоў, прыкладна аднолькавы — каля 1,5 гадзіны.

Менавіта ў гэты горад між дзьвюх сталіцаў, ратуючыся ад сталічнага тлуму, пераехалі ў 2012 годзе Алесь Кушнер і Крысьціна Станкевіч.

На той момант маладая сям’я ўжо мела сваю турыстычную агенцыю ў Менску. Але магчымасьць праявіць сябе ў галіне турызму на Ашмяншчыне падавалася ім прывабнай.

«Фактычна пераезд быў зьвязаны зь перавозам бізнэсу ў Ашмяны», — кажа Алесь.

Яшчэ адну нішу ў хуткім часе заняла Крысьціна, пачаўшы займацца натарыяльным перакладам з польскай і на польскую мову. Раней жыхары Ашмянскага, Астравецкага і Смаргонскага раёнаў пры такіх патрэбах езьдзілі ў Менск ці Гародню. Алесь жа ў хуткім часе адкрыў тут футбольную школу.

Замест пустога поля — футбольнае

Уяжджаючы ў Ашмяны з боку Менску, адразу бачыш новы спартовы комплекс са стадыёнам. Тыя, хто бываў у горадзе раней, узгадваюць, як яшчэ пару гадоў таму тут анічога не было — пустое поле. Фізкультурна-спартовы комплекс разам з футбольным полем са штучным пакрыцьцём пабудавалі ў 2013 годзе, і ад тых дат з раньняй вясны да позьняй восені тут праходзяць заняткі дзіцячай футбольнай акадэміі Fair Play.

Ідэю футбольнай школы Алесю падказала жонка. Прафэсійна займаючыся футболам з 6 гадоў і маючы адукацыю трэнэра-выкладчыка па футболе, Алесь пасьля сканчэньня Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту фізычнай культуры і спорту пасьпеў папрацаваць трэнэрам у футбольнай школе «Тарпэда», Менск, і ў прыватнай футбольнай школе «Юніёр».

Склалася так, што ягоная ініцыятыва з футбольнай школай адпавядала плянам гарадзкіх уладаў зрабіць у горадзе футбольнае поле са штучным пакрыцьцём. Таму арганізацыю прыватнай футбольнай школы падтрымаў былы старшыня райвыканкаму Юры Адамчык. У лістападзе 2012 году ва ўрачыстай атмасфэры з удзелам кіраўніцтва Беларускай фэдэрацыі футболу школу адчынілі.

Футбольная акадэмія стала найбуйнейшай футбольнай сэкцыяй ва ўсім Ашмянскім раёне і першай прыватнай футбольнай школай у Гарадзенскай вобласьці.

Беларуская мова на занятках — гэта норма

«Трэнэр, а камізэлькі несьці?» — пытаецца падчас трэніроўкі нехта зь дзяцей. Гэтым разам перакладаць інтэрвію з расейскай мовы амаль не даводзіцца, таму што і трэнэр, і многія дзеці, прынамсі на трэніроўках, спрабуюць размаўляюць па-беларуску.

Алесь падкрэсьлівае, што ў яго не беларускамоўная футбольная акадэмія, ён проста зь дзецьмі размаўляе на той мове, якой звычайна карыстаецца ў жыцьці, — беларускай. Узгадвае, што спачатку спрабаваў весьці заняткі ў мяшаным фармаце. Але праз пару месяцаў, адчуваючы дыскамфорт ад білінгвізму, ён сабраў дзяцей і сказаў, што пачынае размаўляць толькі па-беларуску.

Я не лічу гэта праблемай увогуле, — кажа Алесь. — У нас, да прыкладу, займаецца хлопчык, які нарадзіўся ў Літве. Таксама займаюцца дзеці зь сем’яў, дзе адзін з бацькоў беларус, а другі з бацькоў мае іншае грамадзянства альбо нацыянальнасьць.

«Я не лічу гэта праблемай увогуле, — кажа Алесь. — У нас, да прыкладу, займаецца хлопчык, які нарадзіўся ў Літве. Таксама займаюцца дзеці зь сем’яў, дзе адзін з бацькоў беларус, а другі з бацькоў мае іншае грамадзянства альбо нацыянальнасьць. Усе мы адзін аднаго добра разумеем».

Калі Свабода прыехала ў Ашмяны, хлопцы праходзілі «віды трываласьці». Не было чуваць, каб хто перапытваў беларускую тэрміналёгію.

«Так, падчас трэніроўкі дзеці часам аўтаматычна пераходзяць на беларускую мову альбо пачынаюць асобныя словы прамаўляць па-беларуску, — кажа Алесь. — Гэта нармальна. Я не раблю зь беларускай мовы нейкага фэтышу».

На платных занятках больш адказнасьці

На сёньня ў футбольнай акадэміі Fair Play займаюцца больш за 80 дзяцей у васьмі ўзроставых групах і чатырох камандах. Заняткі платныя — 230 тысяч на месяц. У гэты кошт уваходзяць тры заняткі на тыдзень, а таксама — арганізацыя спаборніцтваў у Ашмянах, арэнда спартовай залі і стадыёна, набыцьцё спартовага інвэнтару. Платнасьць трэніровак Алесь лічыць істотным момантам, бо за гэтыя сродкі існуе футбольная акадэмія.

— Але калі бацькі заплацілі за заняткі ў футбольнай школе, гэта прымушае да адказнасьці дзяцей, а таксама змушае бацькоў больш увагі аддаваць дзецям і цікавіцца іх футбольным жыцьцём.

«У нас звычайна такое стаўленьне да бясплатнага, што раз гэта не маё, дык мяне гэта і не турбуе, і не цікавіць, — тлумачыць Алесь. — Але калі бацькі заплацілі за заняткі ў футбольнай школе, гэта прымушае да адказнасьці дзяцей, а таксама змушае бацькоў больш увагі аддаваць дзецям і цікавіцца іх футбольным жыцьцём. А я нясу адказнасьць за дзяцей і максымальна прафэсійна падыходжу да выкананьня сваіх трэнэрскіх абавязкаў».

Па словах Алеся, платныя трэніроўкі — даўно ўжо норма ў разьвітых эўрапейскіх краінах.

Гульня на радасьць

Але асноўнае адрозьненьне футбольнай акадэміі — тое, што трэніравацца дзецям камфортна і прыемна, а паміж дзецьмі, трэнэрам і бацькамі ўсталёўваюцца сапраўды партнэрскія стасункі.

«Я заўжды кажу бацькам, што мы не патрабуем ад дзяцей выніку любой цаной, — кажа Алесь. — Мая мэта — прышчапіць ім шчырую любоў да футболу як да гульні, а таксама навучыць іх прынцыпам Fair Play як на полі, так і за яго межамі».

Па словах Алеся, з досьведам «пазытыўнага» футболу ён знаёміўся ў Літве, Польшчы і Нямеччыне. Там і пераканаўся, што такую мэтодыку трэба адаптаваць у Беларусі.

Пры такім падыходзе ў футбольнай школе няма першапачатковага адбору і адсеву пры наборы дзяцей у групы. Кожнае дзіця мае шанец праявіць сябе. У аснову кладзецца паступовасьць у разьвіцьці футбольнага майстэрства. Навучаньне футболу грунтуецца на гульнях, а спаборніцтвы ня столькі маюць на мэце вызначыць пераможцу, колькі разглядаюцца як этап у футбольным разьвіцьці дзяцей.

«Пры гэтым калі я як трэнэр кажу, што не патрабую ад дзяцей абавязковай перамогі ў турнірах, гэта не азначае, што дзеці прыходзяць на трэніроўкі альбо гульні і функцыянуюць на пляцоўцы ў рэжыме „анархія“, — кажа Алесь. — Яны займаюцца прафэсійна. І акцэнт робіцца на тое, каб дзеці праз футбол навучаліся адказнасьці, узаемадапамозе і самаарганізацыі, а трэніроўкі і гульні выклікалі ў іх пазытыў».

Толькі шчырая гульня

Чатыры каманды Fair Play нядаўна вярнуліся з турніру ў Літве, дзе каманда самых маленькіх «акадэмікаў» 2007–8 гадоў нараджэньня заняла другое месца.

Разам зь дзецьмі езьдзілі ў Літву і бацькі. Акрамя добрага выніку, для Алеся было важным, каб і дзеці, і бацькі пабачылі, што дзіцячыя футбольныя турніры бываюць іншымі.

У Беларусі як? Усе патрабуюць выніку, — кажа Алесь. — Футбольныя школы — ад трэнэраў, а трэнэры — ад дзяцей.

«У Беларусі як? Усе патрабуюць выніку, — кажа Алесь. — Футбольныя школы — ад трэнэраў, а трэнэры — ад дзяцей. Трэнэры вымушаны ў такіх умовах фарсіраваць падрыхтоўку і разглядаць дзяцей як зьменшаную копію дарослага футбаліста, што ў прынцыпе безвынікова».

Такія падыходы нараджаюць у дзіцяці і ягоных бацькоў скажонае ўяўленьне пра трэніровачны і гульнявы працэс, нэгатыўна ўплываюць на псыхіку і фізіялёгію дзяцей. Дзеці і бацькі робяцца агрэсіўнымі, бо ўсё арыентавана толькі на вынік. Гэтая агрэсія пераносіцца і на футбольнае поле.

«На вялікі жаль, разборкі паміж дзецьмі, а таксама паміж бацькамі падчас афіцыйных турніраў у Беларусі зрабіліся сумнай нормай. Зазвычай высьвятленьне адносінаў не абмяжоўваецца брыдкаслоўем, мае месца і рукапрыкладзтва. Вядома, гэта ня робіць карысьці разьвіцьцю дзіцячага футболу на Беларусі».

Па словах Алеся, зусім па-іншаму праходзяць турніры ў Эўропе. У першую чаргу гэта заўсёды сьвята. Магчымасьць для дзяцей і трэнэраў пазнаёміцца са сваімі калегамі зь іншых краінаў, прыгледзецца да гульні сваёй каманды праз прызму гульняў супернікаў.

«Там можна адчуць дух шчырага футболу»

Менавіта ў такім рэчышчы і быў арганізаваны турнір у Літве, дзе бацькі шчыра падтрымлівалі дзяцей, але ня празь зьнявагу супернікаў і іхніх бацькоў. Гэта было вельмі важна, бо пазытыў і энэргія ад бацькоў перадаецца дзецям на пляцоўцы, а гэта адбіваецца на гульнях толькі станоўча.

Грунтуючыся на «неагрэсіўных» прынцыпах падрыхтоўкі, Алесь нават перайменаваў сваю футбольную школу, якая раней называлася «Нёман». Ужо амаль год як яна носіць назву Fair Play, што значыць «шчырая гульня».

«Назва нашай футбольнай акадэміі акрэсьлівае яе дзейнасьць — мы за шчырую і адкрытую гульню, дзе няма месца агрэсіі, расізму і брыдкаслоўю».

Будзе дзіцячы футбол — будзе добрая зборная

Хоць Алесь вучыўся ва ўнівэрсытэце фізычнай культуры, ягоная мэтодыка грунтуецца акурат на тым, што ён вывучыў па-за межамі афіцыйнай праграмы.

Адукацыя будуецца не на аналізе і практыцы, а толькі на тэорыі, якая таксама адарваная ад рэчаіснасьці і ўжо маральна састарэла.

«На жаль, нават пры добрых выкладчыках сыстэма навучаньня ў БДУ ФКіС не прыстасаваная да цяперашніх рэаліяў разьвіцьця спорту, і футболу ў прыватнасьці, — кажа ён. — У аснове застаецца вывучэньне кніжных асноваў спорту і футболу, але няма ніякіх сучасных структураў пабудовы і правядзеньня трэніровак. Адукацыя будуецца не на аналізе і практыцы, а толькі на тэорыі, якая таксама адарваная ад рэчаіснасьці і ўжо маральна састарэла».

Фактычная адсутнасьць актуальнай навуковай базы ў разьвіцьці футболу, а таксама падпарадкаваньне і арыентацыя дзіцячага футболу выключна на вынік прывяла да таго, што беларускі футбол на ўзроўні зборнай і клюбаў на сёньняшні момант нічога сабою не ўяўляе.

«Пакуль у беларускім футболе не адбудуцца карэнныя зьмены, наша зборная і клюбы і надалей будуць на ўзроўні напаўпрафэсійных камандаў Люксэмбургу, Мальты і Фарэрскіх астравоў», — лічыць Алесь.

Сацыялізацыя праз футбол

Для многіх дзяцей футбольная акадэмія — адзінае месца, куды яны ходзяць пасьля заняткаў. Нават у вольны час, па словах хлопцаў, яны зьбіраюцца дваровымі камандамі і гуляюць у футбол.

«Я гуляю ў футбол ужо даўно, а сюды хаджу ўжо год, — кажа 12-гадовы Алег Сьліжоў. — Раней наведваў „Гадзіну футболу“ ў гімназіі нумар адзін. Але цяпер займаюся ў футбольнай акадэміі, тут значна цікавей».

Заняткі праходзяць тры разы на тыдзень: дзьве трэніроўкі скіраваныя на фізычную і тэхніка-тактычную падрыхтоўку, адна — гульнявая. Большасьць дзяцей з асалодай ганяюць мяч і ў вольны ад трэніровак час. Па словах Алеся, дзякуючы футболу дзеці менш часу праводзяць перад кампутарамі і маюць менш магчымасьцяў неэфэктыўна выкарыстоўваць вольны час.

Па словах Алеся, футбольная акадэмія павінна дапамагчы дзецям і бацькам знайсьці агульную пляцоўку для ўзаемазацікаўленасьці. Менавіта з гэтай мэтай у футбольнай акадэміі зьявіліся запаведзі для дзяцей і бацькоў. Прапануем іх вашай увазе.

10 ЗАПАВЕДЗЯЎ МАЛАДОГА ФУТБАЛІСТА

1. Ніколі не пазьніся на трэніроўкі і гульні. Аддавай без астачы ўсе свае сілы на трэніроўках і гульнях!

2. Самае галоўнае для мяне — посьпех каманды!

3. Паважай сябе і кожнага партнэра сваёй каманды!

4. Заўсёды заставайся добразычлівым, ніколі не спрачайся!

5. Заўсёды грай шчыра, ніколі не падманвай!

6. Я ўмею прайграваць з годнасьцю, ніколі не здаюся!

7. Трэнэр — мой сябар і заўсёды мне дапаможа!

8. Прыслухоўвайся да парадаў і заўвагаў трэнэра!

9. Клапаціся пра захаваньне трэніровачнага інвэнтару і месца трэніровак у парадку!

10. Мая футбольная акадэмія Fair Play — найлепшая футбольная акадэмія ў сьвеце!

10 ЗАПАВЕДЗЯЎ УЗОРНАГА БАЦЬКІ

1. Навучайце сваё дзіця пунктуальнасьці на ўласным прыкладзе!

2. Заўсёды заахвочвайце сваё дзіця да гульні ў футбол у адпаведнасьці з прынцыпамі Fair Play!

3. Заўсёды вітайце каманду свайго дзіцяці нароўні з камандай суперніка!

4. Публічна не крытыкуйце дзеяньні арбітра, прызнавайце яго рашэньні і не сумнявайцеся ў сумленнасьці гэтых рашэньняў!

5. Паважайце статус і аўтарытэт трэнэра. Ён шчыра прысьвячае сябе навучаньню вашага дзіцяці футболу!

6. Будзьце прыкладам для свайго дзіцяці, праяўляйце добразычлівасьць да бацькоў супернікаў!

7. Словы «вынесі», «затаўчы», «разьбярыся» і г. д. адсутнічаюць у слоўніку маладога футбаліста акадэміі Fair Play. Пазьбягайце гэтых словаў!

8. Заахвочвайце і падтрымлівайце намаганьні вашага дзіцяці ў навучаньні футболу!

9. Дзеці займаюцца спортам дзеля сваёй прыемнасьці. Яны гуляюць нея дзеля таго каб вас забаўляць. Дзеці — ня зьменшаная копія дарослых і не прафэсійныя гульцы!

10. Адпачывайце і атрымлівайце асалоду ад футболу незалежна ад выніку гульні. У футболе трэба ўмець ня толькі выйграваць, але і годна прайграваць!