Як піша БелаПАН, адзін з асуджаных, Дзяніс Замяталін — сын былога галоўнага ідэоляга краіны Ўладзімера Замяталіна.
Суд прысудзіў Замяталіну пазбаўленьне волі тэрмінам пяць з паловай гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і забаронай займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю на працягу пяці гадоў.
Разам зь Дзянісам Замяталіным у стварэньні ілжэпрадпрымальніцкіх структур, абарот якіх перавысіў 100 млрд рублёў, абвінавачваліся яшчэ 6 чалавек.
Паводле дадзеных сьледзтва, Дзяніс Замяталін быў адным з арганізатараў злачыннай групоўкі, якая з 2008 па 2010 год нібыта займалася незаконнымі фінансавымі апэрацыямі, у тым ліку падавала падробленыя справаздачы аб выплаце падаткаў. Яму і іншым абвінавачаным прад’явілі грашовыя пазовы на агульную суму 81,3 млрд рублёў, каб спагнаць даходы, атрыманыя злачынным шляхам.
Усе сямёра вінаватымі сябе не прызнаюць, лічачы, што доказы сфальсыфікаваныя сьледзтвам.