Айцец Надсан прынёс свабоду ўніяцкай царкве ў Беларусі

Аляксандр Надсан

Беларускія грэка-католікі будуць маліцца за спачын душы айца Аляксандра Надсана.

Памінальная служба па Аляксандру Надсану адбудзецца ў менскім грэка-каталіцкім душпастырскім цэнтры на вуліцы Арджанікідзэ, 6. Пачатак 17 красавіка а 18.30.

Пра гэта Свабодзе паведаміў айцец Яўген Усошын.

«Аляксандар Надсан упершыню ў Беларусі адкрыта і публічна — пасьля доўгага перапынку — адслужыў першую грэка-каталіцкую службу на Кальварыі ў Менску. Якраз у гэтым сакавіку мы адзначалі 25 гадоў ад моманту тае службы. Гэткім чынам, айцец Аляксандар прынёс свабоду нашай царкве тут, у Беларусі.

Ён шмат зрабіў, каб мы маглі маліцца па-беларуску. Сваімі перакладамі, а таксама сваім унёскам у фармаваньне і дзейнасьць беларускай Скарынаўскай бібліятэкі ў Лёндане. Гэта вялікая справа ня толькі для нашай царквы, але і для ўсёй Беларусі — для яе гістарычнай, навуковай і культурнай спадчыны, для яе захаваньня, распаўсюджваньня і пашырэньня.

Ягоны ўнёсак у справу дапамогі сваім суайчыньнікам велізарны, бо ён таксама шмат займаўся дабрачыннасьцю ў чарнобыльскіх праграмах. І гэта сапраўды вельмі значная асоба ня толькі для нашай царквы, але і для ўсёй Беларусі», — зазначыў айцец Яўген.