Эўракамісар па пытаньнях эўрапейскай палітыкі суседзтва і перамовах аб пашырэньні Эўразьвязу Ёганэс Ган, які знаходзіцца ў Менску з працоўным візытам, цягам двух дзён правядзе «шэраг афіцыйных сустрэч для абмеркаваньня актуальных пытаньняў узаемадзеяньняў Беларусі і Эўразьвязу, а таксама для рэалізацыі ініцыятывы «Ўсходняга партнэрства».
Пра гэта заявіў 16 красавіка на брыфінгу прэсавы сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Дзьмітры Мірончык. Ён сказаў, што 17 красавіка Ёганэса Гана прыме міністар замежных спраў Уладзімер Макей.
Апошні раз эўрапейскі чыноўнік у рангу эўракамісара наведваў Беларусь яшчэ ў 2010 годзе. Тады ў Менск некалькі разоў прыяжджаў Штэфан Фюле, які займаў тую самую пасаду. Гэта і дало падставу карэспандэнту Свабоды спытаць Дзьмітрыя Мірончыка: чаго чакаюць у МЗС Беларусі ад цяперашняга візыту пераемніка спадара Фюле?
Прэсавы сакратар МЗС Беларусі адказаў:
«Мы плянуем зрабіць паведамленьне аб выніках гэтых перамоваў непасрэдна пасьля заканчэньня сустрэчы міністра замежных спраў Уладзімера Макея і эўракамісара Ёганэса Гана заўтра ўранку. Перамовы адбудуцца прыкладна а 9-й гадзіне».
Дакладнай інфармацыі пра сустрэчу спадара Гана з Аляксандрам Лукашэнкам няма, але ня выключана, што Ган разам з Макеем наведаюць яго заўтра.
У спадара Гана ў Менску насычаны графік. Сустракаецца ён ня толькі з прадстаўнікамі афіцыйных структураў, але і з апазыцыяй. Сёньня ўвечары Ёганэс Ган правядзе размову з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі. Значная частка праграмы эўракамісара прысьвечана сустрэчам з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцамі і сваякамі палітычных зьняволеных.
Як паведамляе прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі, 16–17 красавіка Ёганэс Ган упершыню наведае Беларусь у якасьці камісара па эўрапейскай палітыцы суседзтва і перамовах пра пашырэньне. Візыт адбудзецца ў рамках наведваньня камісарам усіх шасьці краін «Усходняга партнэрства» напярэдадні Рыскага саміту. Галоўная мэта візыту — вывучыць магчымасьці для паляпшэньня адносін паміж ЭЗ і Беларусьсю.
Паездку эўракамісара Гана ў Беларусь ні ў якім разе нельга разглядаць асобна ад наведваньня ім усіх шасьці краін, якія ўваходзяць у праграму «Ўсходняе партнэрства», падкрэсьлівае ў камэнтары для Свабоды аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Андрэй Елісееў:
«Для яго асноўная мэта наведваньня Беларусі — гэта высьветліць тое, што далей рабіць з „Усходнім партнэрствам“. Таму гэта ня проста візыт у Беларусь, а аб’езд эўракамісарам усіх шасьці краін перад самітам „Усходняга партнэрства“, які адбудзецца ў наступным месяцы ў Рызе.
Гану неабходна высьветліць афіцыйны пункт гледжаньня ўсіх краін на пэрспэктывы „Ўсходняга партнэрства“. Магчыма, яму трэба ўзгадніць і супольную дэклярацыю, якая будзе прынятая ў Рызе. То бок гэты візыт не зьвязаны, напрыклад, зь дзеяньнямі Беларусі па ўрэгуляваньні ўкраінска-расейскага канфлікту.
Сфэра адказнасьці Гана — дачыненьні з суседнімі краінамі. Зараз Эўразьвяз вырашае, што рабіць далей з „Усходнім партнэрствам“ і з усходняй палітыкай у цэлым. А сытуацыя цяпер выглядае так. Тры краіны — Грузія, Малдова і Ўкраіна — рухаюцца да мэтаў, якія абвешчаныя праграмай. Дзьве краіны — Армэнія і Беларусь — аб’ектыўна ня могуць да іх рухацца, бо яны ўжо знаходзяцца ў іншым інтэграцыйным аб’яднаньні — Эўразійскім эканамічным саюзе. І, нарэшце, Азэрбайджан трымаецца такой нэўтральнай пазыцыі. Ён не ўвайшоў у ЭАЭС, але і ня мае намеру падпісваць дакумэнты аб асацыяцыі з Эўразьвязам.
Таму ў Брусэлі насьпела пытаньне: што рабіць далей? Можа, у афіцыйных дакумэнтах Эўразьвязу трэба зафіксаваць, што некаторыя краіны ня маюць намеру рухацца да мэтаў „Усходняга партнэрства“? А можа, усё ж пакінуць гэтыя мэты адкрытымі для ўсіх шасьці краін?
І ўрэшце: што рабіць з Расеяй? Ці далучаць яе да гэтай ініцыятывы, ці шукаць нейкія іншыя формы супрацы?»