Толькі за першыя два месяцы (за квартал адпаведнай статыстыкі пакуль няма) 2015 году страты дарасьлі да 12,3 трыльёна рублёў. Гэта аж у 3,3 раза болей, чым было за той жа пэрыяд у 2014 годзе. А колькасьць стратных прадпрыемстваў ужо дасягнула 24,1% ад агульнай іх колькасьці. Гэта азначае, што адно з кожных чатырох прадпрыемстваў не дае ніякага прыбытку ні сабе, ні дзяржаве. Для параўнаньня — год таму ў гэты ж час стратных было 19% прадпрыемстваў.
«Тое, што колькасьць стратных прадпрыемстваў за кароткі час павялічылася на 5%, а агульная сума стратаў — больш як у 3 разы, азначае адно — глыбіня фінансавых ям стала значна больш істотная», — адзначае эканаміст Леў Марголін:
«Для гэтага ёсьць аб’ектыўныя абставіны. На першае месца я паставіў бы працяг працы на склад. Ну ня можа, як ні круці, быць прыбытковым прадпрыемства, на прадукцыю якога няма попыту.
Другі чыньнік — колькасьць працоўных на прадпрыемстве. У рынкавай эканоміцы, калі попыт на нейкі тавар падае ў тры разы, то і колькасьць працоўных скарачаецца ўтрая. Але ж у нас такога няма. Ну, нехта звальняецца. Але ж большую частку людзей пераводзяць альбо на скарочаны рэжым працы, альбо ўводзяць дадатковыя выходныя. Гэта трохі зьніжае затраты на заробкі, але не ў такой ступені, як падае вытворчасьць».
Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у галінах лідэрам па колькасьці стратных арганізацыяў па-ранейшаму застаецца рыбаводзтва. Тут стратныя 73,7% ад агульнай колькасьці прадпрыемстваў галіны. На другім месцы (35,9%) ідзе прамысловасьць.
«Рыбаводзтва ў нас — гэта фактычна тое ж самае, што і сельская гаспадарка», — тлумачыць Леў Марголін:
«Яно патрабуе датацыяў з боку дзяржавы. Прадукцыю нашых рыбгасаў па іх коштах насельніцтва проста ня здольнае купляць. Калі сьвежая рыба трохі даражэйшая за марскую, якую ў Беларусь прывозяць няведама адкуль, гэта яшчэ, як кажуць, куды ні ішло. Але ж без датацыяў з боку дзяржавы наша рыба была б у два-тры разы даражэйшая за марскую. І тады яе пэўна ўжо ніхто ня браў бы. Таму рыбаводзтва і датуюць.
Аднак памеры гэтай галіны адносна невялікія. І таму датацыі ў яе можна рабіць даволі працяглы час.
Нашмат больш складаная сытуацыя ў прамысловасьці — найперш у машына- і прыборабудаваньні. Тут мы падышлі да таго, што рызыкуем страціць нашы здабыткі, якімі ганарыліся яшчэ з савецкіх часоў. Гэта некаторыя вядомыя прадпрыемствы разам зь іх кваліфікаванымі кадрамі. Выразна відаць, што ніякіх добрых пэрспэктываў ні ў аўтабудаваньня, ні ў трактарабудаваньня, ні ў сельскагаспадарчага будаваньня няма.
Нават калі Расея трохі і ачуняе, усё роўна мы ня зможам канкураваць там з замежнымі вытворцамі. Тым болей што многія з нашых замежных канкурэнтаў ужо маюць свае прадпрыемствы на расейскай тэрыторыі».
Нацыянальны статыстычны камітэт адзначае, што да прадпрыемстваў, якія трапілі пад улік, не адносяцца банкі, страхавыя, бюджэтныя, мікра- і малыя арганізацыі бязь ведамаснага падпарадкаваньня.