Аляксандар Мех распавёў Свабодзе, што гэтыя могілкі ўнікальныя. Тут ёсьць рэдкае для Беларусі трох’яруснае пахаваньне кобрынскай шляхты ХІХ стагодзьдзя, тут пахаваныя нашчадкі вядомых родаў — Касьцюшкаў, Міцкевічаў. Тут пастаўленая сымбалічная магіла Рамуальда Траўгута — аднаго з кіраўнікоў антырасейскага паўстаньня 1863 году.
«Гэтае месца заўсёды было за велізарным плотам, зарасло кустоўем, таму нават і не ўяўлялася, наколькі ўнікальныя гэтыя могілкі. Мы сабраліся, паклікалі камунальнікаў на дапамогу і расчысьцілі пахаваньні. У гэтым месцы ўся наша гісторыя», — кажа Алесь Мех.
Унікальнае трох’яруснае пахаваньне разрабавалі ў савецкі час. Ужо ў 90-я стараньнямі прадстаўнікоў грамадзкасьці яго падрамантавалі. Але, як кажуць краязнаўцы, цяпер многія нішы тут пустыя — за савецкім часам адтуль пазьнікалі нават труны.
Тады ж раскрылі і сымбалічнае пахаваньне Рамуальда Траўгута, кажа Алесь Мех.