Напрыклад, ліквідаваць такія даўнія праблемы Талачына, як зношанасьць высакавольтных лініяў. І працы ў гэтым кірунку чакаюцца настолькі глябальныя, што насельнікі шасьці вуліц разам з бліжэйшымі завулкамі будуць вымушаныя па некалькі дзён — аж да трох сутак — жыць без электрычнасьці.
Празь мясцовую газэту «Наша Талачыншчына» жыхароў райцэнтру папярэджваюць, каб яны чакалі аб’яваў пра тэрміны адключэньняў і «загадзя паклапаціліся пра месцы захоўваньня прадуктаў», каб тыя не сапсаваліся. Адпаведна, некаторым талачынцам давядзецца на пэўны час застацца без тэлебачаньня, інтэрнэту, магчымасьці скарыстацца пральнай машынай ды іншымі бытавымі прыборамі, ды правесьці колькі вечароў упоцемках. Зразумела, такія пэрспэктывы нікога ня цешаць, асабліва сем’і з малымі дзецьмі.
Усяго да абласных «Дажынак» зьбіраюцца адрамантаваць 95 аб’ектаў у Талачыне — гэта і дзіцячыя ўстановы, і раённы Дом культуры, дзе будуць праходзіць «дажыначныя» сьвяткаваньні, і пункты грамадзкага харчаваньня, і некалькі прадпрыемстваў.
Штаб падрыхтоўкі да «Дажынак», сфармаваны з абласнога і раённага кіраўніцтва, быў вымушаны канстатаваць, што вялікіх сродкаў будзе вымагаць рамонт дарог, якога тут не бывала гадамі. Таксама чыноўнікі ўжо прызнаюць, што да восені дарабіць усе аб’екты, можа, і ня ўдасца — на некаторых сёлета заплянавана толькі распачаць рэканструкцыю. І што на добраўпарадкаваньне жылога сэктару, асабліва далей ад цэнтру Талачына, фінансавых сродкаў яўна ня хопіць.