Аднак учора старшыня Рады юдэйскай рэлігійнай абшчыны Горадні Барыс Квяткоўскі паведаміў музыкам, што ў Гарадзенскім аблвыканкаме ім выказалі заўвагу наконт нямэтавага выкарыстаньня памяшканьня, і канцэрт давялося адмяніць.
Паводле Аляксандра Памідорава, ён быў вельмі зьдзіўлены фармулёўкай, зь якой забаранілі канцэрт: нямэтавае выкарыстаньне памяшканьня.
«Вельмі дзіўна было такое пачуць, бо я плянаваў засьпяваць песьні з адмысловай праграмы на ідыш. Ну, куды больш мэтава? Да ўсяго, канцэрт меўся адбыцца адразу пасьля сьвята Пэсах, 12 красавіка. Гэтая забарона — нішто іншае, як нейкае глупства. Я думаю, што канцэрт мы ўсё роўна зладзім».
Алесь Дзянісаў сказаў Свабодзе, што ня ведае падрабязнасьцяў забароны канцэрту, але выказаў з гэтае нагоды жаль:
«Мне як музыку было б вельмі цікава сьпяваць і граць у гэтым памяшканьні, гэта вельмі незвычайна. Да ўсяго, мы плянавалі гэты канцэрт як дабрачынны і сабраныя сродкі меліся перадаць на рамонт сынагогі».
Алесь Дзянісаў зьбіраўся выканаць песьні на вершы Алеся Чобата.