У абвінавачваньні — 11 эпізодаў хабару, у асноўным за садзейнічаньне фірмам, якія атрымлівалі падрады на будаўніцтва, на рамонт розных аб’ектаў, за якія адказваў Белкаапсаюз. Гаворка ідзе пра рамонт будынку офіса Белкаапсаюзу, а таксама пра розныя аб’екты па ўсёй Беларусі — у Полацку, Глыбокім, Любані, Ганцавічах, Горках.
Усяго, паводле сьледзтва, Сідзько ўзяў хабар больш як на 633 мільёны рублёў у пэрыяд з 2010 па 2012 год.
Сам Сяргей Сідзько заявіў, што вінаватым сябе не прызнае па ніводным з агучаных эпізодаў.
Паводле пракурора, звычайна хабар Сідзьку перадаваў ягоны падначалены Ленскі. Практычна ў кожным выпадку перадачы хабару разам з грашыма фігуруюць адна, дзьве, тры бутэлькі віскі. Усяго, паводле сьледзтва, за гэты час былі перададзеныя больш за дваццаць бутэлек віскі. Сяргею Сідзьку давалі віскі Johnnie Walker Black Label і іншыя.
Сяргей Сідзько і ягоныя падначаленыя былі арыштаваныя КДБ яшчэ ў ліпені 2013 году і з таго часу ўтрымліваліся пад вартай. Паводле папярэдняй інфармацыі, былы старшыня нібыта атрымаў хабар у 500 тысяч даляраў. На лаве падсудных таксама У. Ленскі, А Дранькоў і грамадзянін Украіны Андрэй Турчанка. Апошні пад вартай таксама зь ліпеня 2013 году.
«Калодзезны, калі быў начальнікам управы капітальнага будаўніцтва Белкаапсаюзу, падчас рэалізацыі праекту па будоўлі крамы ў Лідзе на вуліцы Тухачэўскага дзейнічаў у інтарэсах камэрцыйных структур, наўмысна злоўжываючы сваім службовым становішчам. У выніку Белкаапсаюзу нанесеныя страты на суму каля 700 мільёнаў рублёў», — паведамляла прэсавая служба КДБ у 2013 годзе.
Старшынём Белкаапсаюзу Сяргея Сідзько прызначыў Аляксандар Лукашэнка ў 2010 годзе.