Рубцоў 6 красавіка быў зьмешчаны ў Пружанскі ізалятар часовага ўтрыманьня. Па зьвестках праваабаронцаў «Вясны», Рубцоў адмовіўся ад прапанаванага яму мясцовага адваката і абвясьціў галадоўку. Таксама адмовіўся даваць паказаньні сьледчай Вользе Барадоўскай, якая вядзе ягоную крымінальную справу.
Магчыма, у чацьвер палітзняволенаму, які адбываў пакараньне ва ўстанове адкрытага тыпу № 7 у Купліне, афіцыйна прад’явяць абвінавачаньне. Пасьля гэтага Рубцова перавядуць у бліжэйшы сьледчы ізалятар (СІЗА), імаверна ў Баранавічы, адзначаюць праваабаронцы.
У панядзелак раніцай Юрыю Рубцову ў спэцкамэндатуры ў Купліне Пружанскага раёну загадалі сабраць рэчы. Яго пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль і адвезьлі ў раённы Сьледчы камітэт. Супраць палітвязьня заведзеная крымінальная справа паводле артыкула 415 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі), яму пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
Учора зь Сьледчага камітэту Пружанскага раёну Юры Рубцоў праз тэлефон паведаміў Свабодзе, што абвяшчае галадоўку і адначасова байкот сьледзтву.