Юры Рубцоў, які знаходзіцца ў Сьледчым камітэце Пружанскага раёна, па тэлефоне паведаміў Свабодзе, што частку міліцыянтаў са спэцкамэндатуры ў Купліне, дзе ён адбывае пакараньне, пазбавілі прэміі за тое, што іхні «хімік» Рубцоў зрабіў сабе тату «Лукашэнка сыходзь».
Паводле Рубцова, у адказ міліцыянты ініцыявалі завядзеньне на яго крымінальнай справы за тое, што ён нібыта ўхіляецца ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі:
«Мяне хочуць пасадзіць за тое, што я крыху разумею розьніцу паміж правам і абавязкам. Калі ў Канстытуцыі напісана пра права на працу, дык Выканаўчы кодэкс гэта лічыць абавязкам. Але калі гэта абавязак, то чаму міліцыянты не заключаюць працоўную дамову, а вінаватым мяне зрабілі? Вось у іх прычына, што нібыта чатыры разы адмовіўся ад працы. Але гэта цынізм, бо атрымліваецца, што я абавязаны працаваць, але мушу падпісаць дамову, што нібыта добраахвотна іду працаваць».
"Мяне хочуць па 415-й пасадзіць, таму я зь сёньняшняга дня абвяшчаю галадоўку і адначасова байкот усім супрацоўнікам міліцыі, сьледзтва і пракуратры. Ні на адно зь іх пытаньняў я адказваць ня буду. Я раблю ім гэтую заяву праз мэдыі",— заявіў Рубцоў Свабодзе.
Сёньня раніцай Юрыю Рубцову ў спэцкамэндатуры ў Купліне Пружанскага раёна загадалі сабраць рэчы, пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль і адвезьлі ў раённы Сьледчы камітэт.
Міліцыянты сказалі актывістам, якія хацелі пабачыцца з палітвязьнем, што Рубцоў застанецца ў Сьледчым камітэце, бо на яго там заведзена крымінальная справа.
Паводле 415 артыкула КК Юрыю Рубцову пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.