Без заробку, тэлефона, цяпла і сьвятла. Затое не тунеядцы

Кузьма Пятроў-Водкін, «Рабочыя» (1926)

Працаўнікі магілёўскай «Строммашыны» і бабруйскага «Фандоку» ня могуць заплаціць за кватэру — ім не выплачваюць заробкі. А за даўгі адключаюць сьвятло і тэлефон.

На магілёўскім заводзе «Строммашына» і бабруйскім «Фандоку» працоўныя не атрымліваюць заробкі ад студзеня-лютага. Яны ня ў стане аплачваць камунальныя паслугі. Праз запазычанасьць у іхных кватэрах адключаюць сьвятло ды тэлефонную сувязь. Пра гэта паведамляе Белта.

На сваё бядотнае становішча працоўныя паскардзіліся старшыні Магілёўскага аблсавету Анатолю Ісачанку, які 4 красавіка праводзіў наўпроставую тэлефонную сувязь з насельніцтвам.

Скаржнікам Ісачанка паабяцаў, што будзе прасіць управу жыльлёва-камунальнай гаспадаркі , каб не штрафавалі працаўнікоў «Строммашыны» і «Фандока» за неаплачаныя камунальныя паслугі ды каб у іхных кватэрах не адключалі ваду і ацяпленьне.

Магілёўская «Строммашына» адна зь першых пацярпела ад рэзкай дэвальвацыі расейскай валюты. Многія прадпрыемствы з Расеі і Беларусі цалкам альбо часткова згарнулі супрацоўніцтва зь некалі пасьпяховым заводам. Прадпрыемства вырабляе машыны для вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў, горныя і будаўнічыя машыны, вежавыя краны.

Сытуацыя на бабруйскім «Фандоку» ня лепшая. Гэтае прадпрыемства ня першы год у крызісе. Дрэваперапрацоўчае прадпрыемства мадэрнізавалі, аднак чаканага эфэкту няма. Яшчэ ў 2014 годзе бабруйская ўлада прызнавала, што мадэрнізацыя праводзілася не разумна. Былы старшыня гарвыканкаму Дзьмітры Бонахаў тады вымушаны быў канстатаваць: «Пастаянныя праблемы з мадэрнізацыяй, зьмены кіраўніцтва вядуць да дэстабілізацыі абстаноўкі».

Вінаватым у зрыве мадэрнізацыі тады прызналі кіраўніка прадпрыемства. Супраць яго завялі крымінальную справу. Асноўныя праблемы прадпрыемства, якое яшчэ гадоў дзесяць таму было пасьпяховым — затаварка складоў і вымытыя абаротныя сродкі. Дзяржаўная доля акцыяў «Фандока» выстаўленая на продаж.

Прадаюцца дзяржаўныя акцыі і гіганта магілёўскай прамысловасьці «Хімвалакно», якое таксама ў бядотным стане.

Пра праблемы ў эканоміцы вобласьці афіцыйныя крыніцы не паведамляюць. Ня кажуць і тое, як дэвальвацыя расейскага рубля адбіваецца на працы мясцовых прадпрыемстваў, якія львіную частку сваёй прадукцыі пастаўляюць на расейскі рынак. Тымчасам заводы час ад часу спыняюць сваю працу, а працоўных адпраўляюць у вымушаныя адпачынкі. Гэтак нядаўна адбылося на бабруйскай Белшыне.