Вялікдзень у Горадні: «На стале будзе усё найсамае, што толькі можна»

Напярэдадні Вялікданя ў цэнтры Горадні зьяўляюцца сотні, тысячы людзей з кошыкамі, у якіх яны нясуць у касьцёл ежу, каб ксёндз асьвяціў яе да сьвята. Самы вялікі храм — катэдральны, на Савецкай плошчы. Сюды традыцыйна імкнецца трапіць у такі дзень найбольш вернікаў.

У катэдры ксёндз выходзіць да вернікаў з прывітальным словам і з квачом для асьвечанай вады кожныя паўгадзіны. Калі адныя спускаюцца па высокіх касьцельных сходах са сваімі кошыкамі, ім насустрач ідуць іншыя, а перад катэдрай утвараецца людзкі тлум.

Блаславіўшы з катэдры прынесеную ежу, пробашч Ян Кучынскі прайшоў уздоўж храма, мачаючы квач у вядзерку, якую нёс служка, і акрапіў сьвятой вадою і прынесеную ежу, і саміх вернікаў.

Адныя пакідалі храм праз парадныя дзьверы, іншыя праз бакавыя, ля ганку якога стаялі ёмістасьці з асьвечанай вадою. Звычайна ёю напаўняюць паўтаралітровыя плястыкавыя бутэлькі з-пад пітной вады. Але ў некаторых у руках слоікі, а часам нават плоскія пляшачкі з-пад моцныях напояў. Старэйшыя людзі нярэдка адразу адпіваюць з рыльца. Папіць просяць і дзеці, але бацькі адмаўляюць: вада вельмі халодная!

Як вядома, у кожным кошыку на першым месцы фарбаваныя яйкі. Мінуў час, калі для колеру варылі цыбульнае шалупіньне. Да нядаўняга часу пакецікі з фарбай прывозілі з суседняй Польшчы, цяпер у любой краме ля касы ляжыць фарбавальнік, звычайна расейскай вытворчасьці. У кошыку, як правіла, таксама соль, кавалак пасхальнага пірага, каўбаска, шынка.

- У сем раніцы на імшу прыйдзем, затым усёй сям’ёю сядзем за стол. Падзелімся яйкам, зьямо яйка. Паедзем да сваякоў. Сваякі ёсьць у Горадні, і за горадам, - распавядае мужчына пра пляны на Вялікдзень.

- А што ў сваякоў будзе? Таксама яйка чакае? А што яшчэ чакае ў гэты дзень, што галоўнае? - не адстаю я.

- Што галоўнае? Хрыстос уваскрос. Адны адных віншуем, сьвята.

- Адзначаць будзем сваёй сям’ёю, - далучаецца да размовы сталага веку кабета. - На стале будзе усё найсамае, што толькі можна. І госьці прыйдуць. І сям’я: дзеці, унукі і праўнучак маленькі. Гэта самае дарагое сьвята ў каталіцкай і ў праваслаўнай веры, адраджэньне Ісуса Хрыста.

- Будзем „разгаўляцца“, будзем яйка есьці з сольлю, з хлебам. У касьцёл сходзім і — да бацькоў, - ахвотна дзеліцца яе сяброўка. - А што азначае сьвята? Хрыстос уваскрос...

Малады мужчына, які прыйшоў з малым сынам і набраў пасьля касьцёлу асьвечанай вады, на пытаньне аб значэньні сьвята, кажа:

- Ну гэта як духоўнае харчаваньне. Мы як быццам зараджаемся ад гэтага, гэта як сьвятое ўсё. Так спакон веку лічылася. А ў касьцёле цяпер асьвяцілі яйкі, хлеб, соль.



Гарадзенскі касьцёл-катэдра.



Ксёндз-пробашч асьвячае ежу.



Гарадзенцы, асьвяціўшы ежу, разыходзяцца з касьцёлу.