Новае фота кожны дзень, увесь год. Прысылайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 9 на 16. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.
Сёньня каталікі, уніяты ды пратэстанты Беларусі сьвяткуюць Вялікдзень. Да гэтага асноўнага і найстаражытнейшага хрысьціянскага свята па ўсёй Беларусі будуць прымеркаваны сьвяточныя набажэнствы, крыжовыя шляхі, пасхальныя Вігіліі.
У гісторыі:
1793 — нарадзіўся Канстанцін Радзівіл, палітычны дзяяч, мэцэнат, адзін зь першых беларускіх фальклярыстаў. Сабраў вялізную бібліятэку, калекцыю твораў мастацтва, запісваў мясцовыя гаворкі і зьбіраў фальклёр.
1896 — у Атэнах адкрыліся першыя сучасныя Алімпійскія гульні.
1942 — у Ракаве пад Менскам нарадзіўся беларускі пісьменьнік і літаратуразнаўца Вячаслаў Рагойша, аўтар «Паэтычнага слоўніка» — унікальнага для Беларусі даведніка ў паэзіі.
1944 — у акупаваным Менску адбылося паседжаньне Беларускай Цэнтральнай Рады, на якім была прынятая пастанова пра ўтварэньне афіцэрскіх і падафіцэрскіх школаў Беларускай Краёвай Абароны. Сярод гісторыкаў існуе думка, што калі б стварыць БКА ў Беларусі дазволілі на год раней, колькасьць ахвяраў сярод мірнага насельніцтва была б нашмат меншай.
1970 — паводле рашэньня савецкага кіраўніцтва парэшткі Адольфа Гітлера і Эвы Браўн былі эксгумаваныя і спаленыя ў Нямеччыне, непадалёк ад Магдэбурга.
1972 — заснаваны дзяржаўны купалаўскі запаведнік «Вязынка».
1989 — у Польшчы легалізаваны прафсаюз «Салідарнасьць».
1990 — Вярхоўны Савет БССР аб’явіў 26 красавіка днём Чарнобыльскай трагедыі.
1992 — Босьнія і Герцагавіна заявілі пра выхад зь Югаславіі.
1996 — КГБ Беларусі арыштаваў паэта Славаміра Адамовіча за ягоны верш «Убей президента», зьмешчаны ў віцебскай газэце «Выбар».
2005 — Аскар Акаеў ад гэтай даты склаў зь сябе паўнамоцтвы прэзыдэнта Кіргізстану. Гэта ён зрабіў у Маскве, куды ўцёк пасьля масавых пратэстаў у краіне. Да ўлады па ім прыйшоў Курманбек Бакіеў, зь ім паўторыцца гэтая ж гісторыя, толькі Бакіеў апынецца ў Беларусі.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ
Добры вечар, пане гаспадару!
Вясна красна на ўвесь сьвет!
Засьпяваем песьню вяльможнаму пану,
Як і для пана, таксама для пані.
У панскім дварочку, як у вяночку,
Садам абсаджоны, тынам гараджоны.
Панская ніва будзе ўрадліва.
Панскія дзеткі, як у садзе кветкі,
Да навукі кемны, у размове прыемны.
Палажыце кладку, пазавіце ў хатку,
Сыр на талерку закусіць гарэлку.
Зь беларускай валачобнай песьні, якую сьпявалі на Вялікдзень