Пісьменьнік Юры Станкевіч выдаў новую кнігу прозы, якая сёлета трапіла ў лонг-ліст літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Называецца яна «Брамнік заўжды самотны» і разьлічана пераважна на падлеткаў. У склад кнігі ўвайшлі адна аповесьць і адзінаццаць апавяданьняў.
Нароўні з дарослымі
Дзеці вельмі часта выступаюць пэрсанажамі кніг Станкевіча — зь імі пісьменьнік зьвязвае будучыню нашай краіны, яе неўміручасьць, як бы патасна гэта тут ні прагучала.
Вобразы падлеткаў, юнакоў Станкевіч выкарыстоўвае і дзеля таго, каб празь іх кантакт з дарослымі ўзважыць, ці шмат чалавечнасьці засталося ў сэрцах апошніх (як выяўляецца, зусім мала). І паколькі лёс у Беларусі жудасны, а большасьць дарослых беларусаў блукае ў цемры, то і дзеці-пэрсанажы Станкевіча адчуваюць страх і пакуты. У творах пісьменьніка не сустрэнеш кагосьці, падобнага на гарэзьлівага Дзяніску Караблёва — хутчэй, пабачыш адчайных беспрытульнікаў са спэцшколы, як у «Рэспубліцы ШКІД», ці знэрваваных малечаў, вымушаных разьлічваць на саміх сябе, як у «Жыцьці Дэйвіда Копэрфільда».
У адным зь першых сваіх буйных твораў, рамане «Любіць ноч — права пацукоў» (1998), Станкевіч стварыў кранальны вобраз «даўнёнка» — хлопчыка з сындромам Даўна. Відавочна, пісьменьнік такім чынам хацеў праілюстраваць тэзу аб генэтычным выраджэньні беларускай нацыі. Сёньня пісьменьнік пазьбягае нагэтулькі простых зь літаратурна-мастацкага гледзішча прыёмаў — ён малюе выразныя, індывідуальныя характары, спасьцігае саму сутнасьць дзіцячай псыхалёгіі, даводзіць, што душы дзяцей, падлеткаў і ў новым тысячагодзьдзі трапечуць ад адзіноты, усьведамленьня несправядлівасьці сьвету.
Папярэджаньне на ўваходзе
Вокладка новай кнігі пісьменьніка выканана ў жоўта-чорнай гаме. Як вялікі знаўца біялёгіі і наагул прыродных законаў акаляючага сьвету (вось і тут, на стар. 114-й, Станкевіч ня ўтрымліваецца, каб паведаміць нам факт, што калі зьнікнуць пчолы, чалавецтва праіснуе чатыры гады, ня больш), ён мусіць ведаць: у прыродзе гэткае спалучэньне колераў азначае небясьпеку. Жывёліны з жоўта-чорнай афарбоўкай (павукі, трапічныя жабы і інш.) — атрутныя, аб чым яны наўпрост «заяўляюць» усім драпежнікам. Дый і ў гарадзкім асяродзьдзі падобнае спалучэньне фарбаў выкарыстоўваецца дзеля папярэджаньня — у сыгнальных і дарожных знаках, на спэцыяльных агароджах. Магчыма, праз адмысловую вокладку-мэтафару пісьменьнік сапраўды папярэджвае ўсіх нас, найперш падлеткаў, пра небясьпечнасьць жыцьця, існаваньня ў сьвеце.
Але чытач, які сьцяўся ў прадчуваньні нядобрага, будзе расчараваны. Бо Станкевіч з усёй сваёй пісьменьніцкай моцы намагаецца выбудаваць сьвет, у якім ёсьць месца дабрыні і надзеі. Імкнецца даць веры, што цывілізацыя будзе доўжыцца. Па самым вялікім рахунку мусяць быць ацэненыя высілкі аўтара кнігі «Брамнік заўжды самотны» у спробе скарэктаваць свой пісьменьніцкі сьветагляд, выйсьці на больш шырокі прастор. Так, гэта ня новы, але абноўлены Станкевіч, і падманвае вокладка: не атручанае джала чакае ў кнізе, а спагадлівы дотык мастацкага слова, як бацькоўскі наказ на дарогу. З пункту гледжаньня заоляга, тое мімікрыя — адчайная спроба доўжыць жыцьцё ў страхавітым, няўтульным сьвеце.
Людзі як брамнікі
Канешне, безь містычнага тут не абыходзіцца — аўтар не настолькі зьмяніўся, каб адмовіцца ад звыклых ідэяў і спосабаў пазнаньня сьвету. Прыкладам, да падлетка Максіма Гудава («Брамнік заўжды самотны») прыходзіць Херувім, каб выканаць яго жаданьне. Максім не губляецца і кажа, што хоча быць падобным на свайго куміра — парагвайскага галкіпэра Хасэ Гансалеса. Сказана — зроблена. Аднак, чытаючы аповесьць далей, мы спакваля пераканаемся, што Херувім — не стары Хатабыч, і што Гудаў сам будаваў сваё жыцьцё і спартовую кар’еру. Дзякуючы ўласнаму таленту і высілкам, прафэсійнаму росту ён ажыцьцявіў найвялікшую мару. Між іншым бласлаўленьне, агучанае Херувімам, вельмі спатрэбілася юнаку — ад бацькі-алькаголіка Максім нечага падобнага так і не дачакаўся, і ад маці, зьнясіленай цяжкой фізычнай працай, таксама.
Аповесьць, якая дала назву ўсёй кнізе і якая пачынае яе быццам уязная брама, будзе вельмі цікавая аматарам футболу; яна поўніцца красамоўнымі спартовымі «сцэнамі», выразнымі нібыта тэлевізійны кадар, і прафэсійнымі тэрмінамі, ужытымі з прафэсійнай дакладнасьцю, як у газэце «Прессбол».
Аднак гэта ўсё ж літаратура, а не газэтны артыкул. Пры дапамозе мастацкіх сродкаў Станкевіч паказвае, як гартуецца хлапечы характар, як мацнее вера Максіма ў сваё наканаваньне, як дарослыя (родная цётка, трэнэры) і сам сьвет выказваюць ласку да яго — мужнага і адзінокага брамніка. Пісьменьнік мае рацыю: кожны з нас ва ўласным жыцьці мусіць паводзіць сябе як галкіпэр, кожны мусіць знайсьці і вартаваць сваю браму, прыкладаючы ўсе сілы і намаганьні — ня толькі заняткі спортам, але і літаратурны твор можа красамоўна засьведчыць важкасьць гэтага занятку. Галоўнае, пачаць тое рабіць, як мага раней, калі жыцьцё яшчэ ляжыць наперадзе і можна вучыцца адказнасьці, гартаваць характар.
Магчымасьць шчасьця
Кідаць выклік цяжкасьцям, шукаць саміх сябе і свой занятак — галоўны лейтматыў кнігі. Станкевіч зусім не баіцца быць «старамодным» дзіцячым пісьменьнікам, выкарыстоўваць тэхнікі Аркадзя Гайдара і Міхася Лынькова. Жывы клясык, ён удала пазьбягае надакучлівай дыдактыкі, пустога маралізатарства — у кнізе «Брамнік заўжды самотны» сабраныя толькі тыя гісторыі, якія адбыліся ці могуць адбыцца ў жыцьці звычайных беларускіх падлеткаў. (Рука не павернецца напісаць, што гэта «выдуманыя» аповеды.) І хэпі-энд цалкам магчымы, натуральны паўсюль, і ў жыцьці, і ў літаратуры — дзіўна, нязвыкла чуць ад Станкевіча тое! Вось хлапец ратуе свайго брата ад зласьлівай каханкі («Мой дурнаваты старэйшы брат»); вось школьніца перавыхоўвае нахабнага бізнэсоўца («Кармушка для сініц»); вось хваравітая дзяўчына і хлапец — пераможца спаборніцтваў па дзюдо ладзяць заручыны, і матулін залаты пярсьцёнак як заклад сумеснай будучыні, шчасьця («Заручыны»)...
Большасьць апавяданьняў кароткія, але не шаблённыя, і калі сканчаюцца, то пакідаюць прастору для роздуму, мякка падштурхоўваюць перачытаць асобныя месцы, дыялёгі; сюжэты — моцныя, па-майстэрску збудаваныя, нічога нягеглага, неахайнага. І галоўнае, амаль фізычна адчуваеш, як няўхільна бяжыць час у творах Станкевіча, як паволі сканчаецца дзяцінства ягоных герояў: «Яна маўчала, упершыню адчуўшы подых даросласьці і складанасьці таго сьвету, у які вымушана цяпер уступаць».
Між іншым, некаторыя апавяданьні створаныя па-за межамі літаратуры рэалізму — яны маюць форму прыпавесьцяў. І тут падлеткам таксама нічога асабліва тлумачыць ня трэба: усе коды, сымбалі ім зразумелыя.
Цемра ў фінале
На жаль, не абышлося бяз лыжкі дзёгцю. І гэта віна не пісьменьніка, а рэдактара кнігі, Віктара Жыбуля.
Справа ў тым, што напрыканцы зборніка ідуць, так бы мовіць, дарослыя апавяданьні, хоць і выдатныя, але жорсткія і цынічныя — Станкевіч выварочвае сьвет, вяртаецца да ранейшых заняткаў. Іх няшмат, гэтых твораў, але яны псуюць уражаньне ад усёй кнігі, бо гучаць дысанасам з папярэднімі творамі, адрозьніваюцца ад іх мэнтальна. Тут ужо няма аніякіх брамаў — адны руіны і сьмерць, попел у паветры.
З-за гэтых твораў амаль немагчыма рэкамэндаваць зборнік «Брамнік заўжды самотны» юнакам і падлеткам. «Дарослыя» апавяданьні Станкевіча гасяць каганцы, запаленыя ім самім у кнізе, перакрэсьліваюць усе спадзевы юнага чытача на магчымасьць ціхамірнага існаваньня ў дарослым сьвеце — рэдактар зборніка павінен быў адчуць, што падобны фінал недапушчальны ў нагэтулькі вясёлкавай кнізе. І мова тых твораў, як гідкая істота, сьлізгае ў душу, пакідаючы брудны сьлед: «Жонка. Яна проста ня мела права так зрабіць. Сука. Лярва. Гэта — падлянка. <...> Стукне ёй „палціна“, і — гамон, і ліпасакцыя, і падцяжкі скуры не дапамогуць».
Спадзяюся, апавяданьні «Лаўцы верхаводак» і «Рытуальнае сэппуку наборшчыка Гутара» будуць адсутнічаць у перавыданьні зборніка, а ўвойдуць у іншую кнігу Станкевіча, дзе будуць выглядаць цалкам натуральна. І што іх разбуральна-змрочная моц не пазбавіць кнігу «Брамнік заўжды самотны» увагі з боку чытачоў-падлеткаў, а таксама магчымасьці ўвайсьці ў шорт-ліст прэміі Гедройца.
«І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго» (Новы Запавет, Эвангельле паводле Яна, 1:5).