Прэзыдэнт Чэхіі пацьвердзіў, што паедзе ў Маскву на парад Перамогі

У інтэрвію праскаму радыё Frekvence 1 Мілаш Земан заявіў, што аддасьць даніну павагі мільёнам савецкіх грамадзянаў, якія загінулі ў час вайны.

Чэскі прэзыдэнт дадаў, што «без Савецкага Саюзу перамагчы Гітлера было б немагчыма».

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін будзе прымаць ваенны парад на Чырвонай плошчы ў Маскве.

Расея адзначае заканчэньне Другой сусьветнай вайны ў Эўропе 9 траўня, у той час як заходнія ваенныя саюзьнікі Савецкага Саюза адзначаюць яго днём раней.

Нямногія заходнія лідэры прымуць удзел ва ўрачыстасьцях праз напружаную сытуацыю паміж Масквой і многімі краінамі сьвету ў сувязі з канфліктам ва Ўкраіне і далучэньнем Крыму.

У мінулым месяцы стала вядома, што сярод прысутных на парадзе Перамогі ў Маскве будзе паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын. Зэман заявіў, што не пацісьне руку кіраўніку КНДР.

Сваю прысутнасьць пацьвердзіў і старшыня Кітайскай народнай рэспублікі, а таксама прэзыдэнт Манголіі.​