Паводле слоў Каламойскага, у яго з Парашэнкам нармальныя адносіны, безь непаразуменьняў. На супольнай прэс-канфэрэнцыі экс-губэрнатар назваў цяперашняга ўкраінскага прэзыдэнта вельмі цярплівым чалавекам, адзначыўшы, што сам сябе ён звольніў бы праз тры месяцы.
Парашэнка, у сваю чаргу, назваў Каламойскага і яго каманду сапраўднымі патрыётамі, адзначыўшы ўнёсак былога днепрапятроўскага кіраўніка ў разьвіцьцё краіны ў цяжкі для Ўкраіны час.
Прэс-сакратар Парашэнкі Сьвятаслаў Цаголка прыводзіць таксама словы прэзыдэнта Ўкраіны пра тое, што прыватны бізнэс павінен кіраваць толькі ўласнымі актывамі, а дзяржава — актывамі дзяржаўнымі.
Ігар Каламойскі быў адпраўлены ў адстаўку 25 сакавіка пасьля падпісаньня Парашэнкам ухваленага Вярхоўнай Радай закона аб скарачэньні кворуму пры галасаваньні ў акцыянэрных кампаніях. Закон наўпрост закрануў інтарэсы Каламойскага ў двух дзяржаўных кампаніях — «Укрнафта» і «Укртранснафта». Кіеўскія офісы гэтых двух стратэгічных кампаніяў на мінулым тыдні блякавалі ўзброеныя людзі алігарха. Каламойскі патлумачыў гэта спробай прадухіліць «рэйдэрскі захоп».
У гутарцы з журналістамі ў Харкаве Парашэнка выключыў палітычную дэстабілізацыю пасьля звальненьня Каламойскага. Паводле яго слоў, для гэтага няма ніякіх падставаў.
У чацьвер Пятро Парашэнка прадставіў новага кіраўніка Днепрапятроўскай вобласьці — Валянціна Рэзьнічэнку, які кіраваў да гэтага адміністрацыяй Запароскай вобласьці.