«П’еса пра Беларусь выглядае як пра Расею» — маскоўскі тэатар падпольна выступіў у Менску

Маскоўскі тэатар падпольна выступіў у Менску

«Мы толькі пачынаем нашу кар’еру ў падпольных умовах», — кажа Алена Грэміна, дырэктар незалежнага «Тэатру.doc» з Масквы. Пасьля сьнежаньскіх перасьледаў з боку ўладаў і выгнаньня са старога памяшканьня «Тэатар.doc» прыехаў у госьці да беларускага «Свабоднага тэатру» зь перадпаказам новага спэктакля пра падзеі на Балотнай плошчы ў 2012 годзе. На таемнай пастаноўцы пабываў карэспандэнт Свабоды.

Пашырэньне контракультуры

Як і «Свабодны тэатар», маскоўскі «Тэатар.doc» працуе ў дакумэнтальным жанры, беручы тэмы для новых спэктакляў з рэчаіснасьці. Зь мінулага году тэатар пачалі цкаваць улады. У сьнежні адбыўся паліцэйскі налёт, трох удзельнікаў тэатральнага праекту затрымалі і давялося шукаць новае памяшканьне.

Анастасія Патлай (сьпераду) і Марына Бойка (ззаду) зачытваюць лісты ад сваякоў асуджаных па справе «Балотнай плошчы»

«Тэатар. doc» і раней падтрымліваў Беларусь, паставіўшы спэктакль пра гісторыю арышту Ўладзімера Някляева. Пасьля таго як ён ужо сам трапіў у няласку да расейскіх уладаў, «Свабодны тэатар» запрасіў расейскіх калегаў выступіць у Беларусі.

Гледачы «Балотнай плошчы» ў Менску

Зьвяртаючыся да актораў і гледачоў перад пачаткам спэктакля праз скайп, кіраўнік «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін назваў прыезд «Тэатру.doc» у менскае падпольле пашырэньнем контракультуры і фэстывалем палітычнага тэатру.

Пачатак падпольнай дзейнасьці

«Тэатар.doc» ня раз прыяжджаў у Беларусь як удзельнік міжнародных фэстываляў. Але ў падпольным статусе — упершыню. Падпольную кар’еру тэатар нядаўна распачаў і на радзіме, адыграўшы тры спэктаклі ў апячатаным паліцыяй памяшканьні.

Рэч у тым, што пасьля ператрусу і затрыманьня тэатар ня толькі апячаталі, але, каб больш прыстрашыць, нават заварылі дзьверы.

Алена Грэміна, дырэктарка «Тэатру.doc»

«Паколькі ўсё ў Расеі робіцца дрэнна, нам забылі апячатаць і заварыць другі ўваход са двара, — кажа Грэміна.

Яшчэ да паліцэйскага налёту «Тэатар.doc» прадаў квіткі на тры спэктаклі. Каб іх не адмяняць і не падводзіць гледачоў, пастанавілі ўсё ж такі сыграць спэктаклі ў апячатаным будынку.

Канстанцін Кажэўнікаў, Марына Бойка, Анастасія Патлай у Менску

«Гэта было даволі весела, — узгадвае Грэміна. — Нашых гледачоў мы сустракалі каля старога ўваходу і потым вялі праз двары, каб яны маглі трапіць праз чорны ход. Казалі, што была атмасфэра выкупу на вясельлі: адны дзяўчаты сустракалі, іншыя адводзілі».

У дзяржтэатрах акторы «тухнуць»

Па словах дырэктара, рэпрэсіі супраць тэатру толькі гартуюць калектыў і тэатральную супольнасьць Расеі. Дзякуючы гледачам сабралі грошы на пераезд і новую арэнду, валянтэры дапамагалі зрабіць рамонт у новым будынку. Дапамагаць прыходзілі салідарныя акторы зь іншых тэатраў, увесь курс студыі-школы МХАТ.

У грымёрцы «Свабоднага тэатру» перад пачаткам перадпаказу спэктакля

Здымаць з рэпэртуару вострыя спэктаклі «Тэатар.doc», аднак, не зьбіраецца. Адзін з самых вядомых — «Гадзіна 18» — пра сьмерць Сяргея Магніцкага ў сьледчым ізалятары. Сярод новых — пра старавераў, якія фактычна былі першымі расейскімі дысыдэнтамі ў XVII стагодзьдзі.

«Мы ня робім нічога супрацьзаконнага, і нам няма чаго баяцца, — кажа Грэміна. — Самая вялікая небясьпека — у самацэнзуры і ў баязьлівасьці. Страх і канфармізм — яны нашы галоўныя ворагі».

Падчас «Балотнай плошчы» ў Менску

Такой жа думкі прытрымліваюцца і акторы тэатру, якія сёньня ня бачаць свайго месца ў дзяржаўнай тэатральнай сыстэме. Па словах Варвары Фаэр, рэжысэркі і акторкі «Тэатру.doc», у дзяржтэатрах акторы стаяць па дзесяць год у чарзе, пакуль атрымаюць хоць адну ролю.

«За гэты час яны проста „тухнуць“, — кажа Фаэр. — Таму рабіць у дзяржаўных тэатрах няма чаго. Там суцэльнае балота».

П’еса пра Беларусь выглядае як пра Расею

Спэктакль «Балотная плошча» тэатар упершыню прадставіў менавіта ў Менску. Прэм’ера ў Маскве адбудзецца 6 траўня, у трэцюю гадавіну падзеяў на Балотнай плошчы. Паліна Барадзіна, аўтарка п’есы, ад жніўня мінулага году зьбірала лісты сваякоў палітычных вязьняў. На цытаваньні гэтых лістоў і пабудаваны ўвесь спэктакль.

Алесь Бяляцкі прыйшоў на «Балотную плошчу» ў Менску

У той час як для расейцаў тэма палітвязьняў даволі новая, беларусы прызвычаеныя да ілжэпрацэсаў, дзе пара спэцназаўцаў выступае ў ролі сьведак па справах цэлага шэрагу выпадкова затрыманых людзей. Такую думку выказалі многія гледачы на абмеркаваньні спэктакля, кажучы, што ён нагадвае онлайн-рэпартаж з залі суду.

Для расейцаў, было бачна, гэтая тэма новая, і яны абурана кажуць пра «сфабрыкаваныя справы», «сапраўды нявінна асуджаных людзей» і «зьнявагу Канстытуцыі».

Акторы, драматург і рэжысэрка слухаюць уражаньні менскіх гледачоў

Толькі цяпер яны ўсьведамляюць, чым жылі ў Беларусі ўжо амаль дваццаць год. Толькі цяпер становіцца для іх актуальным спэктакль «Двое ў тваім доме», які «Тэатар.doc» паставіў пра арышт Уладзімера Някляева пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.

Усе дэкарацыі «Балотнай плошчы»

«Калі мы рыхтавалі гэты спэктакль, мы хацелі падтрымаць Беларусь, — кажа Грэміна. — А цяпер у нас ёсьць і хатні арышт, і ўся гэтая гісторыя з выбарамі, і кадэбэшнікі паўсюль. Усё гэта аказалася абсалютна актуальна і для нас, і п’еса пра Беларусь выглядае як пра Расею».

Артыкулы да тэмы:

«Нам будзе што ставіць пры любой уладзе»: гісторыі актораў «Свабоднага тэатру»