Юры Станкевіч выйшаў з ПЭН-цэнтру з-за скандальнага прэс-рэлізу

ПЭН-цэнтр, пісьменьнікі

Пісьменьнік Юры Станкевіч абвясьціў пра свой выхад зь Беларускага ПЭН-цэнтру. Гэтую інфармацыю ён пацьвердзіў Радыё Свабода.

Паводле адкрытай заявы Станкевіча, якую ён накіраваў у газэту «Наша Ніва», думка аб выхадзе сьпела даўно.

«Днямі кропля перапоўніла шклянку. Мова пра „дыскрымінацыю рускамоўных літаратараў“. Хачу спытаць: калі цяпер у суседняй краіне льецца кроў і гінуць, у тым ліку за сваю родную мову, тысячы змагароў — навошта вы балбочаце пра нейкую „дыскрымінацыю“?», — адзначыў пісьменьнік.

На думку Станкевіча, словы пра «дыскрымінацыю рускамоўных пісьменьнікаў» у цяперашніх варунках «горш і небясьпечней за звычайную дурноту».

Лютаўскі прэс-рэліз Беларускага ПЭН-цэнтру, у якім гаворыцца пра «пэўную дыскрымінацыю» расейскамоўных беларускіх пісьменьнікаў, выклікаў вялікія спрэчкі сярод беларускай грамадзкасьці. Пра свой выхад зь Беларускага ПЭН-цэнтру раней ужо паведамілі Алесь Аркуш, Сяргей Дубавец і Вінцэсь Мудроў.

Юры Станкевіч

Пісьменьнік Сяргей Сыс у інтэрвію Радыё Свабода так пракамэнтаваў тую сытуацыю, якая склалася сярод літаратараў у сувязі са скандальным прэс-рэлізам:

Сяргей Сыс

«Гэтая сытуацыя, якая ўзьнікла пасьля гэтай вядомай заявы, паказвае, што ёсьць нейкая праблема сярод творчага асяродку пісьменьнікаў. Але я думаю, што яна трошкі выпячаная, таму што насамрэч ПЭН-цэнтар павінен усё ж такі абараняць правы і тых пісьменьнікаў, якія нейкім лёсам пішуць таксама па-расейску, хоць лічаць сябе беларусамі. У нас ёсьць шмат такіх імёнаў, за якія ня сорамна беларусам.

Сапраўды, была зроблена нейкая памылка, таму што тэрміналёгія ня так прагучала і слова „дыскрымінацыя“ ўскалыхнула. Але расейскамоўныя пісьменьнікі, якія жывуць у Беларусі і лічаць Беларусь сваёй дзяржавай у думках і сэрцы, канечне, маюць права на любыя прэміі. Гэта маё меркаваньне.

Тыя, хто выйшаў з ПЭН-цэнтру — Станкевіч, Аркуш ды іншыя, — яны ўсе таксама добрыя літаратары, годныя мае сябры. Я думаю, што можна ўсё гэта рашаць унутры ПЭН-цэнтру, ці раду склікаць, ці неяк абмеркаваць яшчэ раз на пазачарговым нейкім зьезьдзе, але вырашыць гэтае пытаньне самім і не выносіць яго так шырока.

Вельмі добра прагучала (хоць гэта мала хто пачуў), што ўсё ж такі старшыня ПЭН-цэнтру Хадановіч прасіў прабачэньня ў пісьменьнікаў за такія нявытрыманыя фармулёўкі. Гэта павінна было спрацаваць, але, як кажуць, махавік ужо закруціўся, і мала хто прыслухоўваецца да голасу рацыі і розуму.

Лічу, што гэтая сытуацыя неяк супакоіцца, але гэтыя падзелы таксама не пакідаюць абыякавымі».

У прэс-рэлізе агульнага сходу Беларускага ПЭН-цэнтру з нагоды прэміі «Кніга году» было сказана:

Пазыцыя ПЭН-цэнтру, замацаваная ў статуце прэміі, дастаткова празрыстая: і рускамоўныя, і беларускамоўныя аўтары маюць роўныя правы ў літаратарскім спаборніцтве.

«Пазыцыя ПЭН-цэнтру, замацаваная ў статуце прэміі, дастаткова празрыстая: і рускамоўныя, і беларускамоўныя аўтары маюць роўныя правы ў літаратарскім спаборніцтве. Ніхто не зьбіраецца забываць пра няпростае становішча беларускай мовы ў грамадзтве, але і ўціск рускамоўных паэтаў і празаікаў быў бы зусім некарэктным крокам. Тым больш рускамоўныя аўтары ў Беларусі наагул ня маюць уласных літаратурных узнагародаў. Пастулюючы раўнапраўе моваў, перш за ўсё літаратурных моваў, Беларускі ПЭН-цэнтар зьвяртае ўвагу на пэўную дыскрымінацыю, якую варта пераадольваць».