Рабочая назва грамадзкай ініцыятывы — «Хайсы». Паводле сябра КХП БНФ Яна Дзяржаўцава, ініцыятыве далі імя вёскі, дзе ў лістападзе мінулага году віцебскія партыйцы ўшанавалі памяць невядомых ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.
Тады ў лесе паміж вёскамі Хайсы і Дрыкольле актывісты ўсталявалі драўляныя крыжы, якія асьвяціў уніяцкі сьвятар айцец Зьміцер Грышан, усклалі вянкі і кветкі. Цяпер у плянах удзельнікаў ініцыятывы «Хайсы» — зьвярнуцца ў сельсавет па дазвол, каб правесьці добраўпарадкаваньне гэтых мясьцінаў.
«Мы сабралі сьведчаньні жыхароў бліжэйшых вёсак, якія ў 1930-я гады былі малымі дзецьмі, але памятаюць стрэлы ў лесе і аповеды дарослых пра масавыя зьнішчэньні людзей у гэтым лесе. Асабіста я пачуў аповеды пра тутэйшыя сталінскія расстрэлы яшчэ шмат гадоў таму. А калі прыехаў сюды зь мясцовым жыхаром Сяргеем Кудзінавым, які пагадзіўся быць маім правадніком, то мы ўбачылі жах: яміны ў лесе, некалькі прастрэленых чарапоў і чалавечыя косткі, якія ляжалі на паверхні», — апавёў Ян Дзяржаўцаў.
Яму і належыць ідэя «Хайсоў». Бо толькі намаганьнямі грамадзкасьці, на ягоную думку, можна змусіць мясцовыя ўлады ўсур’ёз узяцца за расьсьледаваньне даўніх забойстваў і ўшанаваньне памяці загінулых:
Браты Кудзінавы яшчэ 20 гадоў таму зьвярталіся ў сельсавет з пытаньнем, што за расстрэлы тут адбываліся. Але ім сказалі, каб ня лезьлі не ў сваю справу.
«Браты Кудзінавы яшчэ 20 гадоў таму зьвярталіся ў сельсавет з пытаньнем, што за расстрэлы тут адбываліся. Але ім сказалі, каб ня лезьлі не ў сваю справу. Летась у лістападзе мы напісалі шэраг заяваў — у абласную пракуратуру, Сьледчы камітэт і міліцыю. Гэтыя структуры абавязаныя ініцыяваць праверку, бо справы па забойствах людзей ня маюць тэрмінаў даўнасьці. Цягам месяца я атрымаў некалькі амаль што аднолькавых адказаў: маўляў, супрацоўнікі выяжджалі на месца, інфармацыя пра парэшткі пацьвердзілася, вядзецца праверка. Нас апытала сьледчая Віцебскага раённага сьледчага камітэту, маёр юстыцыі Зоя Высокіх. Ад яе мы даведаліся, што распачатая крымінальная справа і што адразу пасьля нашых заяваў парэшткі ўзялі на дасьледаваньне, каб вызначыць час і характар сьмерці. Але ў Віцебску такую экспэртызу правесьці ня здолелі, і парэшткі перадалі ў Менск. Мы пісьмова папрасілі, каб нам паведамілі пра вынік, але атрымалі адмову — што мы пабочныя асобы і што перад намі справаздачыцца ніхто не зьбіраецца».
Менавіта дзеля таго, каб зьвяртацца да адказных структураў не прыватным чынам, а ад імя грамадзкай супольнасьці, і была створана ініцыятыва «Хайсы». Удзельнічаць у ёй пагадзіліся прадстаўнікі розных партыяў і грамадзкія актывісты. Пачаць дзейнасьць вырашылі са збору подпісаў пад калектыўным лістом у Мазалаўскі сельсавет, каб атрымаць дазвол на добраўпарадкаваньне месца расстрэлу і ўсталяваньне памятнага знаку. У далейшых плянах ініцыятывы «Хайсы» — стварэньне інтэрактыўнай мапы, каб кожны ахвотны меў магчымасьць даведацца пра гісторыю гэтых мясьцін і наведаць іх. Таксама вырашылі працягваць зьбіраць сьведчаньні тых, хто памятае пра сталінскія расстрэлы 1930–50-х гадоў. Прычым ня толькі каля вёсак Хайсы і Дрыкольле, а па ўсім Віцебскім раёне, ці нават шырэй — па ўсёй Віцебскай вобласьці. Бо сьведкі тых падзеяў адзін за адным сыходзяць у лепшы сьвет, а іх успаміны — гэта вельмі каштоўны гістарычны матэрыял. Калі-небудзь гэтыя ўспаміны стануць падставай для ўсталяваньня ў Віцебску помніка ахвярам сталінізму — з такой прапановай удзельнікі ініцыятывы «Хайсы» зьбіраюцца зьвярнуцца ў Віцебскі аблвыканкам.