«Найперш хачу сказаць, што, канечне, мы расчараваныя. Гэта сьведчыць пра тое, што дзяржава прымае бок „рэфарматара“ Пракаповіча. Адпаведна, ніякія мэты і задачы ў адносінах да бізнэсу, згодна з гэтымі пракаповіцкімі „рэформамі“, карэктавацца ня будуць. Прадпрымальнікаў будуць пераарыентоўваць і спрабаваць падпарадкаваць беларускім вытворцам і аптовым базам, цалкам намагаючыся перавесьці іх на гэтыя рэйкі. То бок той свабоды выбару, якая дагэтуль была ў людзей, дзяржава на сёньняшні дзень даваць ня мае намеру. І тое адцягваньне тэрмінаў — толькі лішняе таму пацьверджаньне. Сама сустрэча — гэта, вядома, добра, але мы чакалі зусім ня гэтага. Мы чакалі, што ўказ будзе падпісаны бестэрмінова, але, бачыце, тэрміны абмежаваньня вызначаныя.
Увогуле ў мяне склалася стойкае адчуваньне дэжавю. Роўна 10 гадоў таму спадар Кабякоў стаяў са мной на Кастрычніцкай плошчы, ня будучы, зразумела, яшчэ прэм’ер-міністрам. Тады, праўда, я паехаў у турму, а Лукашэнка — на сустрэчу з прадпрымальнікамі. І акурат тады Кабякову было даручана стварэньне аптовых базаў. Мы тады далі свае прапановы, якія пасьпяхова зьніклі ў нейкіх нетрах. І акурат праз 10 гадоў зноў Кабякоў, зноў сустрэча з прадпрымальнікамі (адзінае, што я не ў турме), і зноў стварэньне аптовых базаў.
Ці веру я ў рэалізацыю таго, што даручае Лукашэнка? Адкажыце самі на гэтае пытаньне. Калі яны за 10 гадоў нічога не стварылі, як яны самі нешта створаць? Гэта па-першае.
Па-другое, каб гэта зрабіць, трэба зачыніць мяжу з Расеяй ці яе пераплюнуць. А пераплюнуць іх можна ў адным выпадку: зьнізіць падаткі да іхняга ўзроўню і зрабіць рэгуляваньне гандлёвымі працэсамі, як у Маскве.
То бок, кола замкнулася...»