«Гэта рэальны праект, які цяпер разглядаецца, — сказаў Андрэй Кабякоў. — Гаворка ідзе пра тое, што, па ўсім відаць, Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця ўвойдзе сюды як мінарытарны акцыянэр, каб праз свой удзел палепшыць мэнэджмэнт, стан банкаўскай справы, прыцягнуць заходнія інвэстыцыі. Гэта дазволіць прыцягнуць магутны эўрапейскі банк, які будзе грунтоўна працаваць у Беларусі».
Аналітык дасьледчай групы BusinessForecast.by Аляксандар Муха такім чынам тлумачыць цікавасьць ЭБРР да «Белінвэстбанку»:
«Першая прычына — прыцягненьне разам з Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця ў „Белінвэстбанк“ стратэгічнага інвэстара. Тут таксама ёсьць пытаньне — адкуль будзе стратэгічны інвэстар? Але ў канчатковым выніку прыцягненьне ЭБРР можа павысіць капіталізацыю „Белінвэстбанку“ і павялічыць інвэстыцыйную прывабнасьць ягоных актываў для іншых замежных інвэстараў. А другая прычына — „Белінвэстбанк“ зможа актыўна працаваць па лініі праграмаў ЭБРР, у тым ліку ў зьвязку з фінансаваньнем праектаў, зьвязаных з малым і сярэднім прадпрымальніцтвам.
Гаворка ідзе пра набыцьцё мінарытарнага пакета. То бок Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця можна разглядаць як магчымага мінарытарнага акцыянэра, які ў будучыні, пасьля таго як будуць адладжаныя працэсы ў „Белінвэстбанку“, праз 5–7 гадоў, зможа прадаць свой пакет акцыяў ужо іншаму акцыянэру, у тым ліку стратэгічнаму акцыянэру».
Прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў заўважыў, што рашэньне аб тым, хто стане акцыянэрам беларускага банку, яшчэ не канчатковае. «Яно будзе прымацца ў выніку перамоваў, таму што ёсьць пытаньні і па цэнах, і па шэрагу іншых момантаў», — растлумачыў Андрэй Кабякоў.
«Белінвэстбанк» — трэці па велічыні актываў дзяржбанк краіны (пасьля «Беларусбанку» і «Белаграпрамбанку»).
ААТ «Беларускі банк разьвіцьця і рэканструкцыі „Белінвэстбанк“» створана ў верасьні 2001 году ў выніку зьліцьця ААТ «Белбізнэсбанк» і ААТ «Беларускі банк разьвіцьця». Гэта ўпаўнаважаны банк па абслугоўваньні дзяржаўных праграмаў, у ім акумулююцца інвэстыцыйныя рэсурсы дзяржавы. Аснова яго крэдытна-інвэстыцыйнай дзейнасьці — прыярытэт укладаньня крэдытных рэсурсаў у найбольш эфэктыўныя для эканомікі краіны інвэстыцыйныя праекты, арыентаваныя на экспарт, імпартазамяшчэньне, укараненьне новых і высокіх тэхналёгіяў.
Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) створаны ў 1991 годзе, гэта найбуйнейшы інвэстар у рэгіёне. Акрамя выдаткоўваньня сваіх сродкаў, ён прыцягвае значныя аб’ёмы прамых замежных інвэстыцыяў.
Прэзыдэнт ЭБРР Сума Чакрабарці месяц таму наведаў Менск.