Перанесеная зь мінулага тыдня трохбаковая сустрэча кіраўнікоў Беларусі, Казахстану і Расеі адбудзецца 20 сакавіка ў Астане.
Пра гэта паведаміў у панядзелак агенцтву «Інтэрфакс-Казахстан» прэсавы сакратар прэзыдэнта Казахстану Даўрэн Абаеў.
У прэсавай службе Крамля «Інтэрфаксу» пацьвердзілі гэтую інфармацыю.
Паводле прэс-сакратара прэзыдэнта Казахстану, чакаецца, што кіраўнікі дзяржаў «разгледзяць пытаньні паглыбленьня ўзаемнага гандлю і эканамічнага ўзаемадзеяньня трох краінаў».
Акрамя таго, яны абмяркуюць разьвіцьцё тэндэнцыяў у сусьветнай эканоміцы, а таксама сытуацыю ва Ўкраіне, адзначыў Абаеў.
Сустрэча мелася адбыцца 12–13 сакавіка, але, паводле крыніцаў з Казахстану, была скасаваная з прычыны хваробы Ўладзімера Пуціна. У Крамлі, аднак, зьвесткі пра хваробу Пуціна не пацьвердзілі.