Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў называе «вясеньнім абвастрэньнем» здагадкі наконт хваробы Ўладзімера Пуціна.
«Як толькі вясной зьяўляецца сонца, як толькі пачынае пахнуць вясной, пачынаюцца абвастрэньні... Каму сьніцца адстаўка Сечына, камусьці — адстаўка ўраду, а хтосьці некалькі дзён ня бачыць па тэлевізары прэзыдэнта Пуціна. Мы ставімся да такіх абвастрэньняў спакойна, цярпліва адказваем на пытаньні», — сказаў Пяскоў агенцтву ТАСС.
Між тым у размове з радыёстанцыяй «Эхо Москвы» Пяскоў паведаміў, што Пуцін ня возьме ўдзелу ў сёньняшняй калегіі ФСБ, на якой прэзыдэнт Расеі звычайна прысутнічае. Аднак ён запэўніў, што Пуцін «абсалютна здаровы». «Поціск рукі моцны?» — спыталася журналістка «Эха Москвы». «Ламае рукі», — запэўніў Пяскоў.
Падставай для зьяўленьня чутак пра кепскае здароўе Пуціна стала інфармацыя пра перанос сустрэчы лідэраў Расеі, Казахстану і Беларусі ў Астане, якая плянавалася на гэты тыдзень.
Прадстаўнік Пуціна Дзьмітры Пяскоў паведаміў 11 сакавіка, што тры лідэры вырашылі «перанесьці сустрэчу ў Астане на некалькі дзён».
Прадстаўнік уладаў Казахстану на ўмовах ананімнасьці паведаміў Reuters, што сустрэча прэзыдэнтаў магла быць адмененая з-за хваробы. «Падобна да таго, што Пуцін захварэў», — сказаў казахстанскі чыноўнік.
Пра рэакцыю на «хваробу» Пуціна ў сацыяльных сетках можа пачытаць тут.