Адпаведная заява зьмешчаная на сайце Міністэрства замежных спраў Расеі. Таксама паведамляецца пра тое, што Расея папрасіла Беларусь прадстаўляць яе інтарэсы ў Сумеснай кансультатыўнай групе па Дамове аб звычайных узброеных сілах, у межах якой працягваецца праца па вырашэньні спрэчных пытаньняў.
Што азначае для Беларусі — вайсковай хаўрусьніцы Расеі — выхад Расеі з Дамовы аб звычайных узброеных сілах? Ці нясе гэты крок суседняй дзяржавы небясьпеку для Беларусі?
Незалежны ваенны аглядальнік Аляксандар Алесін кажа, што ваенная сытуацыя ў рэгіёне становіцца больш напружанай.
Тое, што зьмяншаецца давер паміж краінамі, якія суседнічаюць зь Беларусьсю, азначае пагаршэньне агульнай ваенна-стратэгічнай сытуацыі ў рэгіёне.
«Тое, што зьмяншаецца давер паміж краінамі, якія суседнічаюць зь Беларусьсю, азначае пагаршэньне агульнай ваенна-стратэгічнай сытуацыі ў рэгіёне. Безумоўна, гэта зроблена Расеяй у адказ на рашэньне НАТО ўзмацніць свае групоўкі ў краінах Балтыі і павялічыць колькасьць свайго ўзбраеньня ў Польшчы. Для нас гэта азначае рост напружанасьці».
Карэспандэнт: «Дамова дзейнічала з 1992 году. Як бакі яе выконвалі раней? Ці былі падставы для прэтэнзіяў?»
«Стараліся, але прэтэнзіі ўвесь час узьнікалі. Расея ў 2007 годзе ўжо спыняла свой удзел у Дамове, а потым аднавіла. А цяпер яна зможа любыя групоўкі разьмяшчаць на межах з краінамі Ўсходняй Эўропы, краін Балтыі, Польшчы і Ўкраіны, вядома».
Карэспандэнт: «Хіба тое, што адбывалася побач з Украінай цягам мінулага году, не было парушэньнем Дамовы? Бо Расея ж канцэнтравала там вялікія групоўкі войскаў».
«Справа ў тым, што фармальна расейцы дамову аб звычайных узброеных сілах не парушалі. На нейкі час яны абвяшчалі манэўры, перакідвалі бліжэй да Ўкраіны войскі, потым іх прыбіралі. Збольшага гэта лёгка кантралюецца, і калі б яны сур’ёзна парушылі дамову, то краіны Захаду паставілі б пытаньне больш катэгарычна. То бок парушэньні былі што да колькасьць перакінутых войскаў, але іх потым адводзілі, і фармальна ўсё было выпраўлена. Але цяпер Расея зможа канцэнтраваць свае войскі побач з усходнеэўрапейскімі краінамі фактычна бескантрольна, па сваім жаданьні. На мой погляд, гэта зроблена, каб націснуць на тыя краіны ў Эўропе, якія ня хочуць канфлікту з Расеяй. Тым жа ФРГ і Францыі гэта дасьць дадатковы аргумэнт на карысьць таго, што лепш з Расеяй дамовіцца па пытаньнях Украіны і адносна санкцыяў».
Карэспандэнт: «МЗС Расеі паведаміў, што яны зьвярнуліся з просьбай да Беларусі прадстаўляць іх інтарэсы ў Сумеснай кансультатыўнай групе па гэтай дамове. Як там апынулася Беларусь і які вынік для Беларусі можа даць такое пасярэдніцтва?»
Расея як правапераемніца СССР узяла на сябе абавязаньні па звычайных узброеных сілах, якія былі падзеленыя паміж усімі былымі рэспублікамі былой адзінай краіны.
«Дамову рыхтавалі ў канцы 1980-х гадоў і падпісалі ў 1990-м, а ратыфікавалі ў 1992-м, калі СССР ужо распаўся. Расея як правапераемніца СССР узяла на сябе абавязаньні па звычайных узброеных сілах, якія былі падзеленыя паміж усімі былымі рэспублікамі былой адзінай краіны. Гэта ўжо адбылося паводле Ташкенцкай дамовы. Таму і Беларусь, і Расея, і іншыя краіны атрымалі абмежаваньні на колькасьць вайскоўцаў, якія бяруць удзел у манэўрах у тым ці іншым рэгіёне, ды пагадзіліся з абавязкам запрашаць на манэўры замежных назіральнікаў, а таксама дазваляць кантроль у іншых формах.
Што да Беларусі, то цяпер, мяркую, яе роля як кантактнай краіны яшчэ больш павялічыцца. То бок цяпер яна будзе ня толькі ў сувязі з падзеямі ва Ўкраіне міратворцам, але зможа карыстацца становішчам пасярэдніка і паміж Расеяй і Захадам, каб забясьпечыць нейкі кампраміс, узаемны абмен інфармацыяй. Мяркую, для Захаду і для Расеі Беларусь набудзе новае значэньне. Сытуацыя ва Ўкраіне можа зацягнуцца надоўга, і таму, мяркую, роля Беларусі як пасярэдніка таксама можа быць доўгатэрміновай».