Парушэньні спадар Астаповіч адзначыў пры будаўніцтве гатэля і моладзевага вайскова-патрыятычнага цэнтру ў Кобрынскім умацаваньні крэпасьці.
«Парушаная стадыйнасьць праектаваньня. На пляцоўку не распрацаваны, не зацьверджаны праект дэталёвага плянаваньня. Не зацьверджаны горадабудаўнічы праект, у межах якога ўсё гэта павінна адбывацца. Да таго ж усё гэта робіцца без папярэдніх археалягічна-архітэктурных пошукаў. Перад тым як рабіць там катлаваны, траншэі пад камунікацыі, трэба было папрацаваць археолягам. Але ж праводзіцца „экскаватарная археалёгія“, як заўсёды ў нас. Учора ўжо тэлеканал СТВ радасна перадаваў пра ўнікальныя археалягічныя артэфакты з-пад каўша экскаватара, хоць у цывілізаванай краіне гэта было б падставай для крымінальнай справы», — распавёў Свабодзе Антон Астаповіч.
Будаўнічыя працы вядуцца на месцы казармаў польскіх вайскоўцаў, пабудаваных у 1930-х. Тэлеканал СТВ паведаміў, што ў часе пракладкі камунікацыяў там знайшлі дакумэнты, прадметы побыту вайскоўцаў.
У заяве ў Генэральную пракуратуру кіраўнік Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры паведамляе, што пры правядзеньні прац парушаны шэраг палажэньняў заканадаўства ў галіне архітэктурнай і будаўнічай дзейнасьці і аховы гісторыка-культурнай спадчыны:
«Праектная дакумэнтацыя па капітальным рамонце аб’екта не ўзгаднялася на пасяджэньні Рэспубліканскай навукова-мэтадычнай рады па пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь і не атрымлівала заключэньня ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».
Антон Астаповіч просіць Генэральную пракуратуру праверыць працэдуру выдачы ўзгадняльнай і дазваляльнай дакумэнтацыі на правядзеньне прац у Кобрынскім умацаваньні Берасьцейскай крэпасьці, выдаць прадпісаньне па спыненьні прац і прыцягнуць да адказнасьці асобаў, вінаватых у парушэньні працэдуры выдачы дазваляльнай і ўзгадняльнай дакумэнтацыі.
БРСМ жадае разьмясьціць у былых казармах Кобрынскага ўмацаваньня Берасьцейскай крэпасьці моладзевы вайскова-патрыятычны цэнтар, пра гэта было абвешчана на пачатку году. У тых самых казармах, дзе цяпер ідуць будаўнічыя працы, мае зьявіцца і гатэль паводле інвэстпраекту санкт-пецярбурскага фонду «Абаронцаў Неўскага пляцдарму».