У аўторак у інтэрвію «Інтэрфаксу» найстарэйшая расейская праваабаронца аспрэчыла вэрсію аб «ісламскім» ці «чачэнскім» сьледзе.
«Прынцыпова важна даведацца, хто заказчык. Колькі б ні арыштоўвалі чачэнцаў, я буду чакаць, калі нам назавуць заказчыка, але сумняваюся, што дачакаюся. Гэтак жа, як з Паліткоўскай, як і са Старавойтавай — заказчыкаў забойства ня назавуць», — заявіла Аляксеева.
У аўторак жа намесьнік камандуючага Унутранымі войскамі МУС Расеі Ігар Грудноў заявіў, што адзіны з фігурантаў гэтай справы, які прызнаў, па дадзеных сьледзтва, сваю віну, Заўр Дадаеў звольніўся з унутраных войскаў МУС 28 лютага гэтага года, а з 27 студзеня знаходзіўся ў адпачынку за 2015 год. Пра гэта паведамляе ТАСС, спасылаючыся на інтэрвію Груднова тэлеканалу «Расея-1».
Паводле інфармацыі таго ж агенцтва, начальнік прэс-службы Ўнутраных войскаў МУС Расеі Васіль Панчанкаў паведаміў, што 23 сьнежня 2014 году Дадаеў зьвярнуўся з рапартам аб звальненьні з ваеннай службы па ўласным жаданьні.
Раней кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў даручыў сакратару Савета бясьпекі рэспублікі Вахіту Усмаеву расьсьледаваць абставіны звальненьня Заўра Дадаева — намесьніка камандзіра чачэнскага батальёна «Поўнач».
Па справе аб забойстве Нямцова абвінавачваюцца яшчэ 4 чалавекі: браты Анзор і Шагід Губашавы, Хамзад Бахаеў і Тамерлан Эскерханаў. Бахаеў і Губашаў зьяўляюцца ўраджэнцамі Інгушэціі, зарэгістраванымі ў Адзінцоўскім раёне Падмаскоўя, а Эскерханаў — ураджэнец Чачні, зарэгістраваны ў Маскве. Усе яны арыштаваныя.
Барыс Нямцоў быў застрэлены ў Маскве, на Вялікім Москварэцкім мосьце 27 лютага позна ўвечары.