13 сакавіка ў Астане плянуецца правядзеньне трохбаковай сустрэчы прэзыдэнтаў Беларусі, Казахстану і Расеі, паведамляе прэсавая служба кіраўніка Казахстану.
Як паведамляецца, чакаецца, што кіраўнікі дзяржаў разгледзяць пытаньні паглыбленьня ўзаемнага гандлю і эканамічнага ўзаемадзеяньня трох краінаў. Акрамя таго, Пуцін, Лукашэнка і Назарбаеў абмяркуюць разьвіцьцё тэндэнцый у сусьветнай эканоміцы, а таксама сытуацыю ва Ўкраіне.
Як паведамляе прэсавая служба кіраўніка Расеі, у рамках візыту таксама заплянаваная двухбаковая сустрэча Ўладзімера Пуціна з Нурсултанам Назарбаевым. Адзначаецца, што трохбаковая сустрэча адбудзецца на запрашэньне казахскага прэзыдэнта.
На сайце кіраўніка Беларусі інфармацыі пра трохбаковую сустрэчу ў Астане пакуль няма.