«Мы шчыра зацікаўленыя ў разьвіцьці маштабнага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з КНДР», — заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, сустракаючыся 9 сакавіка ў Менску з кіраўніком МЗС Паўночнай Карэі Лі Су Ёном.
«Беларусь вырабляе шэраг тавараў, якія былі б цікавыя вашай краіне, — сказаў Макей. — Ваша краіна валодае прадукцыяй, якая магла б быць цікавай нам».
Кіраўнік беларускага МЗС адзначыў, што асновай ідэалёгіі КНДР зьяўляецца «стаўка на свае сілы і патэнцыял».
«Мы лічым, што ў такім турбулентным сьвеце можна выжыць, спадзеючыся толькі на сябе», — сказаў беларускі міністар.
Паводле яго слоў, Беларусь гатовая абмяркоўваць з КНДР пэрспэктыву гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і канкрэтныя праекты, якія могуць «надаць яму дынаміку».
«Ваш візыт будзе спрыяць таму, каб супрацоўніцтва выйшла на больш высокі ўзровень, — сказаў Макей. — Ваш візыт зробіць вялікі ўнёсак у разьвіцьцё нашага двухбаковага супрацоўніцтва».
У сваю чаргу Лі Су Ён адзначыў, што Беларусь і КНДР падзяляюць вялікія адлегласьці, але нягледзячы на гэта, двухбаковыя адносіны «маюць глыбокія карані, даўнюю гісторыю». Ён нагадаў, што КНДР была адной зь першых краінаў, якая ўсталявала зь Беларусьсю дыпляматычныя адносіны пасьля здабыцьця апошняй незалежнасьці.
«Мы вельмі высока ацэньваем і радуемся, што пад кіраўніцтвам паважанага прэзыдэнта Лукашэнкі ваша краіна дамаглася вельмі высокага разьвіцьця, адначасова праводзячы незалежную палітыку», — сказаў кіраўнік МЗС КНДР, якога цытуе БелаПАН.