Заур Дадаеў, абвінавачаны па справе аб забойстве Барыса Нямцова, даў прызнальныя паказаньні. Пра гэта паведамляецца з залі суду, дзе 8 сакавіка прымалася рашэньне аб абраньні меры стрыманьня затрыманым па гэтай справе.
«Віна Дадаева пацьвярджаецца ягонымі прызнаньнямі», — сказала судзьдзя Натальля Мушнікава пры агучваньні пастановы аб арышце Дадаева.
Тэрмін арышту Дадаева ўсталяваны да 28 красавіка. Да гэтага ж тэрміну ўстаноўлены тэрмін сьледзтва па справе аб забойстве Нямцова.
Раней падазраваным у забойстве расейскага апазыцыйнага палітыка Барыса Нямцова Заўру Дадаеву і Анзору Губашаву былі прад’яўленыя абвінавачваньні ў Басманным раённым судзе Масквы, куды яны былі дастаўленыя ў нядзелю.
Прэс-сакратар гэтага суду Ганна Фадзеева паведаміла прозьвішчы яшчэ трох новых фігурантаў справы аб забойстве палітыка Барыса Нямцова.
Паводле яе словаў, гэта малодшы брат затрыманага раней Анзора Губашава Шагід Губашаў, а таксама Рамзат Бахаеў і Тамерлан Эскерханаў. Усе яны адмаўляюць сваю датычнасьць да злачынства. Эскерханаў заявіў, што ў момант забойства знаходзіўся на працоўным месцы.