30 сакавіка адзначае 10-годзьдзе стыпэндыяльная праграма імя Кастуся Каліноўскага для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў, фінансаваная польскім урадам.
Праграма ім. Кастуся Каліноўскага стартавала ў 2006 годзе. Пасьля масавых пратэстаў і намётавага мястэчка ўрад Польшчы даў магчымасьць сотням беларусаў атрымаць адукацыю ў гэтай краіне. На дадзены момант адбылося 10 набораў студэнтаў, беларусы навучаюцца ва ўсіх буйных польскіх унівэрсітэтах, апроч гэтага ёсьць магчымасьць атрымаць пасьлядыплёмную адукацыю.
Праграма выклікала і выклікае вельмі супярэчлівую рэакцыю і палярныя меркаваньні — адныя называюць яе самым пасьпяховым дэмакратычным праектам у краіне, а на думку іншых, гэтая праграма шкодзіць нацыянальным інтарэсам Беларусі — за час яе існаваньня больш за 900 чалавек зьехала на Захад.
Любая навучальная праграма — гэта людзі. Свабода да 10-годзьдзя Праграмы імя Каліноўскага прапануе паглядзець на гісторыі дзесяці студэнтаў, чые «лайф-сторы» можна назваць гісторыямі посьпеху.
Рыгор Астапеня, рэдактар часопіса «Ідэя»
У Польшчы з 2008 году, навучаўся ў Любліне, дзе атрымаў бакаляра на кірунку «міжнародныя стасункі», скончыў магістратуру ў Варшаўскім унівэрсітэце. Цяпер піша дактарат. Працуе аналітыкам у цэнтры Астагорскага, піша для Belarus Digest. Яго артыкулы рэгулярна друкуюцца ў беларускіх СМІ, а часамі перадрукоўваюцца і замежнымі выданьнямі і аналітычнымі цэнтрамі, як Guardian і Эўрапейская Рада міжнародных дачыненьняў, адна зь вядомых «фабрык думак» Вялікай Брытаніі. У 2012 годзе заснаваў беларускі глябальны часопіс «Ідэя», які істотна зьмяніўся за апошні год.
Паглядзіце на каманду аўтараў і вам усё стане зразумела: часопіс яднае яскравых маладых інтэлектуалаў.
Аляксандар Казулін, бізнэсовец
Пляменьнік былога кандыдата ў прэзыдэнты скончыў юрыдычны факультэт БДУ, у Польшчы вывучаў дыпляматыю ў Сollegium Civitas у Варшаве. Цяпер мае некалькі бізнэс праектаў у сфэры аховы здароўя, а таксама займаецца сацыяльным прадпрымальніцтвам, скіраваным на барацьбу з аўтызмам.
Дарэчы, сын Рыгора Кастусёва таксама навучаецца на праграме Каліноўскага і рыхтуецца да абароны дактарату, у Польшчы атрымоўваюць адукацыю і дзеці Алеся Таўстыкі, Алеся Лагвінца і Алены Танкачовай.
Сьвятлана Панкавец, дактарант Гданьскага ўнівэрсытэту
У Польшчы з 2007 году. У Беларусі навучалася ў Менскім дзяржаўным мэдычным каледжы, была найлепшай студэнткай патоку. Абараніла магістарскую працу па ахове навакольнага асяродзьдзя на факультэце хіміі, цяпер піша дактарат па хіміі ў галіне экатаксыкалёгіі.
Атрымала грант Польскага нацыянальнага цэнтру навукі на 40 тысяч эўра.
Аляксей Папкоў, дзьве магістратуры і дактарантура
Аляксей у Польшчы 9-ы год. Перад гэтым навучаўся ў Магілёве, у першым абласным ліцэі на хімія-біалягічным кірунку. Зь ліцэя адлічылі пасьля Плошчы-2006, давучваўся ў звычайнай школе. У Польшчы атрымаў два дыплёмы магістра, у біятэхналёгіях і хіміі.
Цяпер піша дактарат па біятэхналёгіях.
Сяргей і Павал Мурашкі, уладальнікі кавярні «Kominiarz»
Сяргей і Павал Мурашкі — былыя «маладафронтаўцы». Старэйшы, Сяргей, у Польшчы з 2006 году, Павал — з 2008-га. Навучаліся ў Катавіцах, у 2012 годзе адкрылі кальянную-паб «Kominiarz» у цэнтры гораду, плянуюць стварыць сетку кальянных.
Аляксандар Гойшык, журналіст
«Каліновец» першага набору, у Беларусі быў адлічаны з БАТУ, а перад гэтым атрымаў дыплём магілёўскага Хіміка-тэхналягічнага тэхнікуму па спэцыялізацыі «камэрцыйная дзейнасьць». У Польшчы навучаўся ў Вроцлаве, дзе атрымаў два бакаляры (геаграфія і тэлерадыёжурналістыка) і скончыў магістратуру па турыстыцы. У 2012 годзе вярнуўся ў Беларусь, працаваў журналістам «Белсату», тэлевядучым на Тутбай ТБ, цяпер свабодны журналіст.
Ганна Любакова, журналіст
Навучалася ў Коласаўскім ліцэі, на праграме Каліноўскага з другога набору. У Польшчы скончыла бакаляра і магістратуру па гісторыі мастацтваў, зараз атрымоўвае магістра па польскай філялёгіі. Працавала куратарам і рабіла выставы ў Кракаве, ангажавалася ў дзейнасьць Беларускага Дому ў Варшаве.
Цяпер працуе вядоўцай на тэлеканале "Белсат".
Ільля Навуменка, дызайнэр
У Польшчы з 2006 году, зь першага набору праграмы. Вывучаў сацыялёгію ў Варшаўскім унівэрсітэце.
Цяпер уладальнік студыі дызайну «Veshch», якая атрымала некалькі польскіх узнагародаў (Polish design award) у галіне дызайну — за найлепшы праект у катэгорыі «Вэб-дызайн», найлепшы дэбютны праект 2013 году, Mobile Trend Awards 2011 за найлепшы мабільны сайт. Менавіта ён рабіў дызайн новага сайту тэлеканалу «Белсат»
Марына Вашкевіч, тэлевядоўца
Вядзе праграму «Агляд падзеяў культуры» на Белсаце, спэцыяліст у мэдыя-маркетынгу і Public relations.
Скончыла Варшаўскі ўнівэрсітэт.
Наогул, Праграма Каліноўскага, як бачна, выхавала шмат журналістаў. Можна прыгадаць яшчэ Лізавету Паўлініч, Віталя Ругайна з Эўрарадыё, Сьвятлану Пажараву зь Белсату ці Сержука Марчыка.
Яўген Шадко, мастак
У Менску навучаўся ў мастацкім каледжы, у Польшчы вучыцца ва Ўнівэрсытэце ім. Капэрніка ў Торуні. Працы Яўгена выстаўляліся на дзесяці выставах у Беларусі, Польшчы і ЗША.
Атрымаў узнагароду Станіслава Барысоўскага ў Торуні ў 2011. Жыве і працуе ў Менску.
Фота з сацыяльных сетак