Пра гэта паведаміўадвакат Саўчанкі Мікалай Полазаў ў twitter.
Надзея Саўчанка галадае больш за 80 дзён, яе стан адвакат Марк Фэйгін ацэньвае як крытычны. Ён кажа, што яе органы могуць адключыцца ў любы момант:
«Стан яе павольна пагаршаецца — гэта канстатуюць лекары, якія яе абсьледуюць. Іншая справа, што яе стан непрадказальны — бо ў любую хвіліну нейкі з органаў можа адключыцца, таму што працуюць яны зараз няправільна. Таму я б устрымаўся ад таго, каб гаварыць пра пэрспэктывы, а яе цяперашні стан, на мой погляд, нездавальняючы».
Учора са спасылкай на адваката Фэйгіна зьявілася інфармацыя пра тое, што Надзея Саўчанка гатовая адмовіцца ад галадоўкі.
«Думаю, некаторыя выдаюць жаданае за сапраўднае. Мяне заклікаюць пераканаць яе спыніць галадоўку мноства людзей. Гэтыя размовы адбываюцца пастаянна. Улічваючы тое, што яе ўзнагародзілі высокім званьнем Героя Ўкраіны, то гэта стала аргумэнтам з майго боку, што яна ўжо ня можа выключна па сваім меркаваньні распараджацца сваім здароўем і жыцьцём, паколькі такое прызнаньне яе заслуг — гэта пэўны аванс з боку ўкраінскага грамадзтва, каб яна працягнула барацьбу ў новай якасьці. Яна паабяцала мне падумаць пра гэта сур’ёзна. Цяпер яна галадоўку ня спыніла, але гэта некаторы прагрэс».