Гарадзенцы, якія рабілі бізнэс на перавозках з Польшчы побытавай тэхнікі, перакананыя, што новыя правілы мытнага кантролю падрываюць іхную справу. Але людзі ўсё адно будуць прывозіць з Польшчы лядоўні, пральныя машыны і тэлевізары — проста таму, што яны нашмат таньнейшыя за беларускія і больш якасныя.
Правілы ўвозу некаторых тавараў для асабістага карыстаньня з-за мяжы зьмяніліся, і цяпер зь 10 сакавіка побытавую тэхніку, электроніку і сантэхніку можна ўвозіць бяспошлінна — па адной адзінцы кожнай са шматлікіх катэгорыяў тавараў — толькі раз на тры гады. Дагэтуль увозіць падобныя тавары бяспошлінна дазвалялася адзін раз на год.
А вось камплект аўтамабільных шынаў, паводле новых правілаў, можна ўвезьці толькі раз на два гады, хоць раней дазвалялася прывозіць два камплекты — зімовы і летні — раз на адзін год.
Натуральна, што гарадзенскія «чаўнакі» набывалі сабе практычна ўсю побытавую тэхніку ў Польшчы, а потым зараблялі на тым, што прывозілі на заказ людзям тыя ж тэлевізары, лядоўні, кампутары, газавыя пліты, сантэхніку ды іншае.
Гэты бізнэс, паводле майго суразмоўцы спадара Аляксея, грунтаваўся на тым, што ў Польшчы вялікі выбар сусьветна вядомых брэндаў, а кошт таньнейшы, чым у Беларусі на айчынную тэхніку. Да таго ж пасьля вывазу тавараў у Беларусь польская дзяржава вяртала WAT — падатак на дабаўленую вартасьць — у памеры 23%.
— Я ўсю побытавую тэхніку купіў у Польшчы, і, лічы, абышлося амаль напалову таньней, чым тут. Яна лепшая, чым наша, можна знайсьці і нямецкую, і ангельскую. Да прыкладу, браў машыну пральную Bosch — турэцкай зборкі, ноўтбук — фінскай зборкі, тэлевізар — нямецкай зборкі. Прычым я плаціў за тэлевізар недзе 150 даляраў, а ў нас такі — да 300.
А вось спадар Віктар распавядае, што на перавозе людзі таксама зараблялі сабе на хлеб, бо за перавоз некаторых тавараў бралі цану WATа. А на некаторыя тавары былі ўсталяваныя больш фіксаваныя цэны — прыкладам, на тэлевізары.
— Там усё залежала ад памеру. Да прыкладу, за перавоз тэлевізара — у залежнасьці ад памеру, ад 30 да 50 даляраў. За ноўтбук — свае кошты, і г.д.
Спадар Віталь, які дагэтуль возіць падобны тавар з Польшчы, вельмі расхваляваўся, даведаўшыся пра зьмены. Ён перакананы, што з гэтымі зьменамі ў чаўнакоў забіраюць апошнія заробкі на мяжы.
Паводле яго, памежны бізнэс і так практычна перастаў існаваць, і сьведчаньне гэтаму — адсутнасьць чэргаў на мяжы. Людзі, паводле суразмоўцы, яшчэ езьдзяць у Польшчу, але ўжо пераважна каб набыць тавары для сябе саміх.
Спадар Віталь кажа: пасьля таго як даляр у Беларусі і Польшчы вырас, а паліва ў Польшчы значна патаньнела, набываць тавар стала нязручна, нават калі ён там і таньнейшы.
— Там цэны на паліва зьнізіліся, даляр высокі. Вядома, калі нешта купляць, то зручна, але мне ня вельмі, бо ў Беларусі дорага даляр каштуе. А да ўсяго, цэны на паліва ў Польшчы зьнізіліся. А ў нас яшчэ раз яно падаражэла — і ўсё, бізнэс скончыўся.
Спадар Віталь распавядае, што вельмі выгадна было вазіць шыны, бо за год можна было правозіць два камплекты — зімовы і летні. Прычым паводле якасьці замежныя фірмы яўна перасягаюць беларускую «Белшыну». Апошнім разам ён вазіў шыны памерам 195 на 60 і на 15 — камплект з чатырох шынаў абышоўся трохі менш як у 200 даляраў. Ад гэтага аднімаўся WAT — 23%, што і складала ягоны заробак.
Тым ня менш спадар Віталь перакананы, што надалей, нават нягледзячы на зьмены, людзі на Гарадзеншчыне ўсё роўна для ўласнага карыстаньня будуць прывозіць бытавую тэхніку і аўтамабільныя шыны з Польшчы, а не купляць у беларускіх крамах, бо там яна будзе абыходзіцца таньней, а паводле якасьці яўна перасягае айчынную.