Гэтым тыднем мы назіралі даўно ня бачаную ў Беларусі зьяву: паломніцтва заходніх дыпляматаў і палітыкаў. Каб паразмаўляць зь беларускімі афіцыйнымі асобамі, выстраілася цэлая чарга. Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з намесьнікам генэральнага сакратара Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Хэльгай Марыяй Шмід выказаў надзею на пачатак «добрага дыялёгу» паміж Беларусьсю і ЭЗ.
Новая сытуацыя ў дачыненьнях Беларусі з Захадам спарадзіла шмат самых розных камэнтароў. Шэраг назіральнікаў, асабліва з боку праваабаронцаў і апазыцыі, выказалі перасьцярогу, сэнс якой можна зьвесьці да тэзы: нельга гуляць з дыктатарам.
Тэма вялікая і складаная. Хацеў бы толькі коратка заўважыць, што палітыка, асабліва замежная, вельмі нагадвае гульню. Бо кожны бок мае свае інтарэсы, хоча атрымаць перавагу за кошт дыпляматычнага контрагента, імкнецца атрымаць ад яго саступкі, пры гэтым ня шмат саступіць самому.
І тут варта вызначыць і сфармуляваць тыя мэты і задачы, якія ставяць афіцыйны Менск і Захад падчас гэтага новага раўнду дыялёгу.
Пачнём з ЭЗ. Падчас пэрыяду дыялёгу 2008–2010 гадоў эўрапейскія палітыкі мелі надзею садзейнічаць дэмакратызацыі Беларусі і адначасова імкнуліся выцягнуць краіну з геапалітычнага поля Расеі. Усё скончылася падзеямі 19 сьнежня 2010 году. Падаецца, цяпер эўрапейскія палітыкі пазбавіліся тых ілюзіяў, якія існавалі тады. Акрамя таго, стала зразумела, што дэмакратызацыя Беларусі і аслабленьне зьвязкі Масквы зь Менскам — гэта розныя задачы, і для іх рэалізацыі патрэбныя розныя мэтады.
Хутчэй гэта тактычныя крокі, рэакцыя на новую геапалітычную сытуацыю ў рэгіёне, статус Менску як цэнтру перамоваў дзеля вырашэньня ўкраінскага крызісу.
Ня думаю, што цяпер у Эўразьвязу, увогуле ў Захаду, ёсьць дакладна распрацаваная стратэгія дачыненьняў зь Беларусьсю. Хутчэй гэта тактычныя крокі, рэакцыя на новую геапалітычную сытуацыю ў рэгіёне, статус Менску як цэнтру перамоваў дзеля вырашэньня ўкраінскага крызісу. Характар працэсу дакладна абмалявала кіраўніца дыпляматычнага прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Майра Мора. Яна адзначыла, што адносіны паміж Беларусьсю і ЭЗ «нармалізуюцца, але не паляпшаюцца».
Што тычыцца афіцыйнага Менску, то працэс размарожваньня адносін з Захадам выконвае некалькі функцыяў. Па-першае, іміджавы складнік. Улады дэманструюць электарату, што беларуская палітыка сапраўды «шматвэктарная», што няма ніякай міжнароднай ізаляцыі, што Лукашэнка — аўтарытэтны палітык ня толькі на постсавецкай прасторы, але і ў Эўропе.
Па-другое, шмат пішуць пра жаданьне Менску праводзіць палітыку балянсаваньня, манэўраваньня паміж Расеяй і Захадам, імкненьня сядзець на двух крэслах. Пэўны элемэнт балянсаваньня тут, безумоўна, прысутнічае. Агрэсіўныя паводзіны Расеі падштурхоўваюць Лукашэнку шукаць нейкія, няхай і слабыя, процівагі на заходнім баку. Прысутнічае і прыхаваны шантаж Расеі. Памятаеце, як перад новым годам, у разгар «харчовай вайны» з РФ, Макей дэманстратыўна правёў сустрэчу з эўрапейскімі амбасадарамі?
Але ж трэба разумець, што гэтая палітыка балянсаваньня даволі абмежаваная. Бо залежнасьць ад Расеі вельмі вялікая. І сядзець на двух крэслах ня ўдасца нават і пры вялікім жаданьні. Таму новую позу беларускай дыпляматыі можна абазначыць так: Менск сядзіць на расейскім крэсьле і імкнецца пакласьці ногі на эўрапейскую табурэтку.
Па-трэцяе, беларускія ўлады разумеюць, што без палітычнага размарожваньня адносін з Захадам няма шанцаў прыцягнуць значныя інвэстыцыі з заходніх краін, атрымаць крэдыты ад міжнародных фінансавых арганізацыяў, найперш ад МВФ. Паказальным у гэтым пляне быў візыт у Менск прэзыдэнта Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця Сумы Чакрабарці.
Па-чацьвёртае, асабіста для Лукашэнкі псыхалягічна важна мець магчымасьць наведваць эўрапейскія сталіцы. Вось цяпер найбольш актуальнае пытаньне, якое абмяркоўваюць у экспэртнай супольнасьці, — гэта тэма магчымага візыту кіраўніка Беларусі ў Рыгу, на саміт «Усходняга партнэрства». Ёсьць меркаваньне, што Лукашэнка сам туды ня надта рвецца. Найбольш выразным паказьнікам жаданьня кіраўніка Беларусі зладзіць такую паездку будзе вызваленьне палітзьняволеных.
Справа ў тым, што шанцаў паехаць на мінулыя падобныя саміты (Варшава — 2011 г., Вільня — 2013 г.) у Лукашэнкі не было, нават калі б палітвязьні і былі вызваленыя. Ня тыя былі адносіны. Цяпер сытуацыя памянялася. Калі палітзьняволеныя будуць вызваленыя, то ён мае рэальную магчымасьць паехаць у Рыгу.
Увогуле, падаецца, што на цяперашнім этапе абодва бакі задавальняе сам працэс размарожваньня адносін. Ён больш важны за нейкі канкрэтны вынік, бо ўсе разумеюць, што дасягнуць цяпер вялікага прагрэсу не атрымаецца.
27.02.2015 г.