Порах і дынаміт Алімпійскіх гульняў

Адольф Гітлер на Алімпіядзе 1936 году

Некалі фюрэру гэтак спадабалася Алімпіяда 1936 году, што ён вырашыў усе наступныя гульні (пасьля прызначаных ужо «Токіё-1940») праводзіць у Бэрліне, карацей, прыватызаваць...

Сёньня ў Расеі больш не спадзяюцца на новую алімпіяду ў будучыні, таму вырашана, адзначыўшы першую гадавіну гульняў у Сочы, зрабіць дату чырвонай у календары назаўсёды. Дату міжнароднага спартовага трыюмфу Масквы.​

Не люблю масавых мерапрыемстваў. З апошняй алімпіяды выпадкова бачыў у навінах кавалак адкрыцьця, маштабна зробленага ў стылі «старых песень аб галоўным» тэлеканалу «Астанкіна». Там нават дзядзя Сьцёпа-міліцыянэр зь верша любімага паэта Сталіна Сяргея Міхалкова прысутнічаў, і адцятыя галовы мухінскай статуі-тандэма ляцелі ў паветры адно да аднаго, і серп і молат у руках асобна. Вельмі эфэктна: серп ляціць насустрач молату! Праўда, яны не сутыкаюцца, іскры не выкрасаюць... І як жа без таго «шакаляднага» міліцыянта было абысьціся, калі сам Пуцін некалі аўтара на кватэры віншаваў са значным юбілеем і пахваліў за «дзядзю Сьцёпу» канкрэтна, прызнаўшыся, што хлопчыкам любіў Міхалкоўскую творчасьць. Летась сваю любоў Пуцін засьведчыў канчаткова: асабіста паклаў да бронзавых чаравікаў Міхалкова букет барвовых ружаў, адкрыўшы ў Маскве помнік паэту, які сядзіць на лаўцы ў вальяжнай паставе. А ў Данбасе ў тыя дні ўжо шугала вайна. Падпалілі яго, лічы, ад алімпійскай паходні.​

Небясьпечна даваць права на алімпійскія гульні народам зь няўстойлівай псыхікай, у стане палітычнай фрустрацыі. Асабліва калі імі кіруюць правадыры з комплексам «прыніжаных і зьняважаных». Алімпійскія перамогі робяць такіх ваяўнічымі. Падмацоўваюць агрэсіўнасьць. Пасьля далучэньня Саарскай вобласьці да фашысцкай Нямеччыны (усё нібы законна — на рэфэрэндуме дзевяноста адсоткаў «за») вэрмахт амаль вальяжна, на роварах заехаў у другую памежную вобласьць — Рэйнскую і далучыў яе. За некалькі месяцаў да Алімпіяды ў Бэрліне. Гітлер адчуў сябе пераможцам. А пасьля сусьветных гульняў — непераможным. Нямеччына — 89 мэдалёў (33 залатых), ЗША салідна адсталі — 56 (24 залатых). Што было потым зь нямецкай «зьнешняй палітыкай», агульнавядома.​

Яшчэ мацней зьвязаная з вайной, канечне, Алімпіяда-80 у Маскве. У Пуціна, трэба прызнаць, лаўчэй атрымалася, чым у дзядоў з Палітбюро. Наперадзе Алімпійскія гульні, а яны пачалі заваруху ў Аўганістане. Пуцін памяняў падзеі месцамі… Але вынік пасьляалімпійскай ваяўнічасьці звычайна — руйнаваньне краіны. Перш — эканамічнае. Порах і дынаміт заўсёды моцна тармозяць вытворчасьць масла. Успомнім Нямеччыну, успомнім СССР. Расея сёньня з захапленьнем прымярае стары мундзір, маючы іх на задворках сьвядомасьці.​

Агрэсіўныя дзеяньні гаспадара алімпіяды выклікаюць, само сабой, пратэсты ў сьвеце. Так было ў 1936-м, так было ў 1980-м («О, спорт, ты — мир!» — галоўны лёзунг гульняў у Маскве). І так адбылося, постфактум апошнім разам, пасьля гульняў у Сочы. Канечне, такія пратэсты бываюць у любым разе са спазьненьнем. Улетку, перад гульнямі ў Бэрліне, у Парыжы прайшла міжнародная канфэрэнцыя ў абарону алімпійскіх ідэалаў. Нельга, было заяўлена, даваць алімпіяду таталітарнай дзяржаве! Але прэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту амэрыканец Эвэры Брэндэдж (Avery Brundage) заявіў, што гульні належаць спартоўцам, а не палітыкам. Ці верыў ён сам у гэта? Пытаньне. Прынамсі, моцна памыляўся. ​

Гульні ў Бэрліне, адкрытыя асабіста Гітлерам, былі перапоўненыя свастыкай і фашысцкім прывітаньнем. «Хайль Гітлер!» — салютавалі спартоўцы на п’едэстале і ў шэсьці на адкрыцьці, прычым да гэтага змусілі замежных атлетаў. Гэта быў асабісты трыюмф фюрэра. Немцы адчулі моц сваіх цягліц і яшчэ большую ахвоту скарыць навакольны сьвет, адпомсьціць за мінулыя крыўды і паразы.​

Канечне, у выпадку са старшым братам усходніх славян пакуль менш крывава ўсё, але хто ведае, што далей можа быць. Яму самому невядома, што пачнуць рукі вырабляць уласныя. А што да самога Пуціна, ён і пра спорт пасьпявае дбаць, і пра «порах сухі», і нават «дзядзю Сьцёпу» ў галаве трымаць. За што ж ён так палюбіўся школьніку Валодзю? Аказваецца за тое, што аўтар правёў яго праз усё савецкае жыцьцё, ні аб чым не забыўся. Па-першае, Сьцёпа быў «як каланча», а любы нізкі чалавек марыць пра высокі рост. Затым: герой дзіцячай паэмы «ранен был немножко, защищая Ленинград», які абараняў і бацька Пуціна. Пасьля вайны ў дзядзі Сьцёпы нарадзіўся сын вагою восем кг, які потым стаў, што вы думаеце, «алімпійскім чэмпіёнам». Затым зрабіўся лётчыкам маёрам, пайшоў у касманаўты і заляцеў ажно на Марс. Дзядзя Сьцёпа вельмі ганарыўся сынам, а сам на пэнсіі пайшоў дапамагаць савецкім школьнікам «вучыцца ваяваць»:

«То идет игра “Зарница” —

Не военная война.​

Видит бывший старшина:

Хоть играют, а война!»​

І на гэтай аптымістычнай ноце заканчваецца вершаваны аповед Сяргея Міхалкова пра дзядзю Сьцёпу, якога на ўсё жыцьцё запомніў расейскі прэзыдэнт.