Першы мультыплекс сеткі Silver screen адчыніўся ў лістападзе мінулага году ў гандлёвым цэнтры Galileo. Другі стане даступны кінаманам у траўні ў гандлёвым цэнтры Arena city. Менавіта гэты кінатэатар будзе беларускамоўным.
Паводле кіраўніка сеткі кінатэатраў Уладзімера Сянько, зараз кіраўніцтва разглядае магчымыя беларускамоўныя элемэнты, якія будуць у кінатэатры. Што да пэрсаналу, дык ёсьць перасьцярогі не знайсьці людзей, якія валодаюць беларускай мовай на прымальным узроўні:
«У кіраўніцтва нашай сеткі ёсьць ідэя перавесьці камунікацыю на беларускую мову. Для пачатку было б добра зрабіць хаця б крышку. Ці будзе гэта ўвесь кінатэатар цалкам — я маю перасьцярогі, бо наўрад ці атрымаецца наняць неабходную колькасьць людзей, якія будуць гаварыць па-беларуску якасна і пісьменна. Менш за ўсё хочацца, каб атрымалася нейкая „трасянка“. Зараз абмяркоўваем варыянты. Можа, гэта будуць навігацыйныя элемэнты ў кінатэатры, можа зробім усе нашыя сацыяльныя сеткі на беларускай мове, можа яшчэ нешта. Хочам зрабіць нешта на беларускай мове, каб нашая мова не забывалася. І, вядома, хочам некаторыя інфармацыйныя нагоды асьвятляць па-беларуску».
Запыт з боку Silver screen пра тое, ці запатрабаваная беларуская мова ў кінатэатры, зьявіўся ў сацыяльнай сетцы twitter:
Анастасія, адміністратар у кінатэатры гандлёвага цэнтру Galileo, пацьвярджае, што пераход на беларускую мову для супрацоўнікаў быў бы складанай задачай.
«Але мы чулі пра беларусізацыю заправак А-100, і, здаецца, гэта было ўспрынята вельмі пазытыўна з боку кліентаў. У любым разе, гэтае новаўвядзеньне будзе тычыцца толькі наступнага кінатэатра, які адчыніцца летам у іншым гандлёвым цэнтры», — сказала дзяўчына.
Уладзімер Сянько падкрэсьліў неабходнасьць таго, каб усе супрацоўнікі выдатна валодалі беларускай мовай у выніку абвяшчэньня пераводу на беларускую мову.
«Беларуская мова — наша родная. Мы лічым вялікай стратай, што яна забываецца і не выкарыстоўваецца шырока. Гэта вялікі недахоп. Мы, кіраўніцтва кінатэатра, лічым, што беларуская мова павінна жыць, што гэта важна. Хочам хоць неяк паўдзельнічаць у яе захаваньні, каб яна прысутнічала ў нашым жыцьці. Чулі пра досьвед заправак А-100, але ўсё ж хацелі б зрабіць беларусізацыю максымальна якаснай».
У Silver screen патлумачылі, што ідэя беларусізацыі тычыцца выключна абслугоўваньня ў кінатэатры, але не перакладу фільмаў на беларускую мову — для гэтага няма прафэсійнай студыі. І нягледзячы на тое, што Silver screen мяркуе пачаць паказы фільмаў на мове арыгіналу, мовай субтытраў таксама будзе расейская.
У той жа час у Беларусі прадукуюцца неафіцыйныя пераклады фільмаў на беларускую мову. Паводле каардынатаркі суполак «Беларускія субтытры/Фільмы па-беларуску» і «Belmovie — фільмы па-беларуску». і акторкі дубляжу Мар’яны Вітэры, пры наяўнасьці штату перакладчыкаў і актораў беларускамоўную «агучку» фільма можна выканаць за тыдзень.
Чальцы суполак перакладаюць ня толькі клясыку кінематографу, такія фільмы як «Пінк Флойд: Сьцяна», але і сучасныя папулярныя стужкі і сэрыялы — «Гары Потэр», «Тэорыя вялікага выбуху», «Паўднёвы парк» і іншыя.
У межах суполкі «Belmovie — фільмы па-беларуску» кожны месяц прапануецца прагаласаваць за адзін з двух фільмаў, якія мелі найбольшы посьпех у сусьветным кінапракаце. Той, які набірае найбольш галасоў, апэратыўна перакладаюць на беларускую мову акторы дубляжу, іншы — субтытруецца на беларускую мову.
Агучваньне адбываецца на прафэсійнай студыі, за ўласныя грошы чальцоў суполкі. З новаагучаных фільмаў — мэлядрама «Нарэшце», дзьве часткі «Галодных гульняў», «Гравітацыя», фільм жахаў «Заклён», у плянах — «Лега фільм», «Ёй».
|
|
Мар’яна Вітэра лічыць, што агучыць фільм на беларускай мову для кінатэатра вельмі рэальна.
«Гэта абсалютна рэальна, калі наняць групу прафэсіяналаў. Зразумела, што тут патрэбнае веданьне ангельскай і беларускай мовы. Гэта павінны рабіць перакладчыкі, філёлягі. Таксама для „агучкі“ патрэбныя акторы. Але ўсё гэта вельмі рэальна. Калі гэта могуць рабіць энтузіясты, то чаму ня можа кінатэатар? Гэта можна было б рабіць ужо заўтра, калі б быў закон, які б дазваляў новыя стужкі, якія прыходзяць з замежных краін, адразу перакладаць на беларускую мову. Тады б гэта рабілася законна і легальна. І сусьветныя прэм’еры мы б маглі глядзець у кінатэатрах на беларускай мове».
Суполка перакладчыкаў фільмаў на беларускую мову «Кінаконг» ужо прапанавала Silver screen свае паслугі. Як кажа кіраўнік суполкі Андрэй Кім, «Кінаконг» мае ўсе магчымасьці, каб прафэсійна зрабіць субтытры, закадравую «агучку» ці дубляж для паказу ў кінатэатры. «Мы будзем мець на ўвазе», — адказалі Андрэю Кіму ў кінатэатры.
«Ня бачу ніякай перашкоды, каб рабіць якасны дубляж на беларускую мову. Мы гатовыя зрабіць „агучку“. І тым больш субтытры. Магчымасьці ёсьць. Прафэсійныя навыкі ёсьць. Жаданьне з нашага боку — таксама. Але каб гэта ўсё запрацавала на ўзроўні кінатэатраў, патрэбная ці палітычная воля з боку дзяржавы ці попыт і пэўная рызыка з боку бізнэсу. На жаль, гэтага я ня бачу. Але будзем спадзявацца, што празь некаторы час Silver screen ці любы іншы кінатэатар зацікавіцца такой магчымасьцю», — кажа Андрэй Кім.
Пэрспэктывы наняць беларускмоўны штат для новага кінатэатру ацаніў каардынатар курсаў беларускай мовы «Мова Нанова» Глеб Лабадзенка:
«Нашы курсы гатовыя дапамагчы кінатэатру Silver screen і бясплатна перакласьці ўсё шыльды, інструкцыі, сайт, стварыць размоўнікі для пэрсаналу і нават правесьці трэнінгі па беларускай мове. У нас для гэтага ёсьць „Хуткая моўная дапамога“— служба, у межах якой можна папрасіць перакласьці любыя публічныя рэчы».
Глеб Лабадзенка лічыць, што досьвед пераходу на беларускую мову сеткі заправак А-100 паказвае: ня трэба баяцца, што пэрсанал ня зможа камунікаваць з кліентамі па-беларуску:
«На прыкладзе заправак А-100 мы пабачылі, што перавод пэрсаналу на беларускую мову абсалютна рэальны. Назіраючы за супрацоўнікамі, я думаю, што гэтыя хлопцы толькі і чакалі моманту, калі ім сказалі, што можна размаўляць па-беларуску. Гэта адбываецца на пазытыве, кліенты добра рэагуюць. Ды і бэнзыну менш прадаваць ня сталі, а толькі наадварот».