Пётра Машэра, або Як русіфікавалі прозьвішчы

Было на БТ такое шоў “Подводная одиссея команды Кухто”. Назва жыўцом перанятая ад тэлевізійнага цыклю выдатнага францускага акеаноляга, вынаходніка сучаснага аквалянгу, кінэматаграфіста Жака-Іва Кусто.

Кожны сам – да пэўнае мяжы – распараджаецца сваім прозьвішчам, у тым ліку для стварэньня “брэндаў”. Мяне дык прозьвішча тэлежурналіста натхняе ўзгадаць не Кусто, а радкі Максіма Багдановіча пра знакамітага друкара: “…У друкарні пана Марціна Кухты”.

Марцін Кýхта (Martynas Kukta) – этнічны літовец, а прозьвішча з паходжаньня беларускае.

У 1914 годзе М. Кухта выдрукаваў адзіны Багдановічаў прыжыцьцёвы зборнік “Вянок”.

Кухта, кухцік – ‘памочнік кухара’ (старабеларуская мова, І. Насовіч), у сучасных беларускіх дыялектах ёсьць іншыя значэньні слова кухта, кухця. М. Кухта быў знакавай асобай у Вільні. Ён друкаваў кнігі па-беларуску і па-літоўску. У 1907 годзе быў абвінавачаны за выданьне кнігі антыўрадавага зьместу – вершаў Аляізы Пашкевічанкі (Цёткі). У літоўскай гісторыі М. Кухта зазначыўся і тым, што першы выдрукаваў улётку з Актам Незалежнасьці Літвы 16 лютага 1918 году.

Відавочна, на нейкім гістарычным этапе носьбіты беларускага прозьвішча Кухта памянялі ў ім націск (або нехта дапамог). Але чаму і навошта? Вось жа гэта толькі адна з праяваў цэлага вялікага працэсу.

Расейскі стандарт

«Наша Вера выходит замуж! – Вот хорошо! – радовался я. Да только фамилия немножко смешная – Нога! – Нога? Разве бывают такие фамилии? – У хохлов и не такие случаются»​ (Андрей Лесков. Жизнь Николая Лескова)

«Был еще преподаватель духовного училища, уроженец Умани, со странной фамилией Кривда – украинец в вышитой рубашке»​ (В. Катаев. Разбитая жизнь)

«Отец рассказывает матери о делах на шахте, о новом главном инженере со смешной фамилией Пирожок»​ (Юрий Щербак. Возвращение блудного сына)

«В комнате № 475 была еще одна Анна – Анна Борисовна Глеб – такая уж странная фамилия!»​ (Сергей Залыгин. Южноамериканский вариант)

«Высокий и худой подполковник со странной фамилией Чиж»​ (тамсама)

Беларусам дык сапраўды “странно” чуць такое ўспрыманьне звычайных у нас і нават шырокавядомых прозьвішчаў футбаліста Глеба ці аматара “странной” архітэктуры Чыжа.

Але Пётр Сталыпін, паводле сьведчаньня графа Вітэ, сфармуляваў прынцып: каб быць верным сынам сваёй радзімы, вялікай Расейскай імпэрыі, вернападданым гасудара, трэба быць праваслаўным, нарадзіцца ў цэнтры Расеі і – мець прозьвішча, якое канчаецца на “-ов”.

“Прозьвішчы на -ов, -ев, -ин і ўспрымаюцца ў якасьці звычайных, нармальных для расейскае мовы прозьвішчаў. …Прозьвішчы іншага – субстантыўнага [г. зн. якія супадаюць формаю з назоўнікамі. В. В.]– тыпу ўспрымаюцца як адхіленьні ад нормы”. Л. Калакуцкая, Склонение фамилий и личных имен в русском литературном языке. М., 1984.​

Расейскія мовазнаўцы называюць тыповыя для беларускай і ўкраінскай (і чэскай, і польскай, і літоўскай…) антрапанімічнай традыцыі прозьвішчы накшталт Мядзьведзь, Пузыня, Трубач, Серада “фамилиями прозвищного [мянушкавага] типа” і сьцьвярджаюць, што такія належалі людзям, якія стаялі на ніжэйшых прыступках сацыяльнай лесьвіцы (Л. Калакуцкая).

Міхал Казімер Пац, вялікі гетман літоўскі

У іх, пэўна, так і было, а ў нас такія прозьвішчы зь сярэднявечча годна насілі і простыя людзі, і дзяржаўная ды інтэлектуальная эліта: Сапегі, Пацы, Кішкі. Скарына. Сярод продкаў расейскай манархічнай дынастыі Раманавых быў наш род Кабылаў, і беларус Кабыла нічым ня горшы за расейца, скажам, Сухаво-Кабыліна. (А Мядзьведзь за Мядзьведзева можа нават і лепшы ;-) ).

Расейскі дасьледнік імёнаў Уладзімер Ніканаў піша:

“Словаўтваральнаму складу расейскіх прозьвішчаў, у процілегласьць украінскім ці беларускім, неўласьцівая стракатасьць. Уражвае маналітнасьць, у вёсцы нават абсалютная, на велізарных прасторах расейскай раўніны. Суфіксы -ов, -ин па-за канкурэнцыяй”.

Вось чаму тысячы беларускіх прозьвішчаў, што ня маюць звыклых вуху ўсходніх суседзяў суфіксаў, былі пераробленыя малапісьменнымі расейскімі пісарамі пасьля захопу Беларусі Расеяй у канцы XVIII стагодзьдзя.

Зрэшты, працэс ішоў ажно да XX стагодзьдзя, вельмі часта ў расейскім-савецкім войску беларуса са звычайным прозьвішчам Заяц рабілі Зайцавым, або і самі носьбіты прозьвішча яго перараблялі, каб ня быць, як іх пераканалі, сьмешнымі. У 20-я гады малады чалавек Сымон Баран памяняў сваё беларускае прозьвішча на прозьвішча Баранаў, а ўжо стаўшы неблагім празаікам, усьведаміў памылку і ўрэшце прыдумаў родавы псэўданім – Сымон Баранавых (таксама ня надта ўдалы, бо сыбірскае мадэлі). Паэт Анатоль Вялюгін успамінаў, што дзед ягоны быў Вялюга, пакуль не ўмяшаліся імпэрскія пісары.

Журналіст Аляксандар Шабалін успамінае прызнаньне кіраўніка савецкай Беларусі Пятра Машэрава:

“А ведаеш, і маё прозьвішча без прыгод не абышлося. Я ж Машэра, а не Машэраў! Так-так. Нехта з маіх продкаў дужа захацеў быць рускім, вось і дадаў у пашпарце апошнюю літару”.

Вось цяпер вернемся да Кухты => Кухто. Гэты выпадак далёка не самотны.

Скрыпко, Галаўко, Лапато

Мяняліся Лапа на Лапо, Галоўка на Галаўко, Скрыпка на Скрыпко, Кукса на Куксо, Лапата на Лапато. Прозьвішча адмяжоўваецца ад беларускага слова-першаўзора. Гэтым абураўся яшчэ Ўладзімер Дубоўка (таксама ж маглі зрабіць Дубаўко!). А прычынаю зноў-такі сілавое поле расейскай традыцыі фамільных найменьняў:

“…Імкненьне адрозьніць прозьвішчы ад адпаведных апэлятываў [агульных назоўнікаў – В. В.] выяўляецца рознымі спосабамі, у тым ліку пераносам націску”. Л. Калакуцкая​

Знаўца культуры мовы Алесь Каўрус ухвальна ацаніў тое, што многія беларускія творцы і дзеячы вярнулі сваім прозьвішчам спрадвечны націск: Каўка, Кенька, Клышка, Сіцька, Саўка. Але мноства людзей, хутчэй за ўсё, нават ня ведаюць пра некалі зьдзейсьненую фанэтычную падмену іхнага радзіннага імя. Зь вялікай верагоднасьцю яна адбылася ў прозьвішчах накшталт Драко, Сілко, Галко.

Сваё – жывое

У выніку перасоўваньня націску на канцавое -о ў расейскай мове такія прозьвішчы перастаюць скланяцца: “команда Кухто”. І ў беларускай афіцыйнай граматыцы пад уплывам расейскае прозьвішчы на -о, нават калі яны свае, скланяць не дазваляецца – як запазычаньні з францускай Кусто, жабо, арт-нуво і камільфо.

Але наша мова флектыўная, гэта значыць назоўнікі ў ёй маюць багатую сыстэму зьмены, а калі які не зьмяняецца – значыць, ён адчуваецца як чужы, неасвоены. Бываюць прозьвішчы беларускага паходжаньня з аўтэнтычным канцавым -о. Яны часьцей за ўсё паходзяць ад формаў імёнаў накшталт Юрко, Санько. Такія формы ўласьцівыя паўднёва-заходняй Беларусі, прычым, паколькі ў гаворках там няпоўнае аканьне, -о ў канцы можа быць і пад націскам, і без. У Гарадной (цяпер Столінскага раёну) быў Юлькó Вячорка (брат майго прадзеда, які на кірмашы паспрачаўся, што занясе дахаты на плячах целюка, і занёс, і забраў). Вядомыя формы імёнаў Пятро (хоць на поўначы толькі Пётра, на чым настойвае Пётра Садоўскі), Зьмітро.

Беларускія мужчынскія імёны і прозьвішчы на -о, калі яны свае, – жывыя, не застылыя, і маюць скланяцца як адушаўлёныя назоўнікі хвалько, гняўко, нямко. Спытай хвалька, гняўка, нямка, Пятра, Зьмітра. Раман Віктара Казькá. І толькі жаночыя прозьвішчы на -о пад націскам не скланяюцца.

У расейскай мове адбываецца іншы працэс: скланеньне “неўласьцівых” прозьвішчаў замірае. Яшчэ Пушкін скланяў прозьвішчы на -ко: “к Родзянке”. У расейскай граматыцы 1953 году дазвалялі скланяць мужчынскія прозьвішчы на -енко. Але ў граматыцы 1970 году гэтага пункту ўжо няма.

Сапежанка – ня толькі гатунак ігрушы

Ці скланяюцца беларускія жаночыя прозьвішчы накшталт Масла, Пятрэнка? У старабеларускай мове такога пытаньня быць не магло, жаночыя формы прозьвішчаў мелі асобную суфіксацыю, прычым для незамужняй дзяўчыны адну, для мужавай жонкі іншую:

панна Катарына Сапежанка – падканцлеранка Вялікага Княства Літоўскага – дачка Сапегі, падканцлера

але​

пані Багданавая Сапежыная, судзьдзіная земская – гэта ўжо будзе жонка Багдана Сапегі, судзьдзі земскага.​

Дачка менавалася таксама на -оўна: Радзівілаўна, Саковічаўна. У Фурса была дачка Фурсаўна, а жонка – пані Фурсавая. Гедройцевая, Тышковічавая. Усе такія формы лёгка скланяюцца.

Такі прынцып захаваўся ў літоўскай мове. Калі мужчына Навіцкас, то ягоная жонка Навіцкене, а дачка Навіцкайце. Адрозьненьне дзявочага прозьвішча ад радзіннага найменьня замужняй жанчыны яшчэ нядаўна дапамагала мужчынам вызначыцца пры знаёмстве, але цяпер літоўкі нярэдка пакідаюць сабе дзявочае прозьвішча, выйшаўшы замуж. Або прынамсі бяруць падвойнае. Марыя Іванаўскайце-Ластаўскене – жонка нашага Вацлава Ластоўскага, якая разам зь сястрой пісала пад псэўданімам Лазьдзіну Пяледа – Ляшчынная Сава.

Марыя Іванаўскайце-Ластаўскене – жонка нашага Вацлава Ластоўскага, якая разам зь сястрой пісала пад псэўданімам Лазьдзіну Пяледа – Ляшчынная Сава.

Згаданая вышэй “экстрэмістка” Цётка, якую мы ведаем з школьнага курсу як Алаізу Пашкевіч, папраўдзе не цуралася беларускага кшталту свайго радзіннага прозьвішча – Аляіза Пашкевічанка.

Але замацаваная вякамі сыстэма жаночых прозьвішчаў, якія натуральна скланяліся, была разбураная пад чужым панаваньнем. Зьявіліся нескланяльныя беларускія жаночыя прозьвішчы на зычны: умацавалі каманду вясьляркай Кацярынай Хадатовіч (якая цяпер Карстэн).

Жаночыя беларускія прозьвішчы на галосны -а скланяцца павінны. Сьветлай памяці Сяржук Вітушка, які апошнія дзесяцігодзьдзі жыў у Вільні, пераканаў літоўскія ўлады, каб прозьвішча дачкі афіцыйна запісалі Вітýшчанка – паводле старой беларускай традыцыі. Вядома, яно скланяецца: каго – Вітушчанкі, каму – Вітушчанцы. Але ж на -анка, -энка, -енка заканчваюцца тысячы як мужчынскіх, так і жаночых прозьвішчаў у паўднёва-ўсходняй Беларусі ці ўкраінскага паходжаньня. Граматычна яны нічым ня розьняцца і таксама маюць скланяцца: мэдаль каму? Вікторыі Азаранцы.

Нагадаю толькі, што мужчынскія і жаночыя прозьвішчы на -а ва ўскосных склонах гучаць па-рознаму. Напісаў Алесю Яўсеенку і Вальжыне Цярэшчанцы, Лявону Муху і Тэклі Мусе.