Газэта адміністрацыі прэзыдэнта «Советская Белоруссия» альбо «СБ Беларусь сегодня» зьмяшчае на першай старонцы фатаздымкі лідэраў першых дзяржаў Эўропы — канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель і прэзыдэнта Францыі Франсуа Алянда — зь якімі вітаецца Аляксандар Лукашэнка, а таксама кіраўніка Беларусі з прэзыдэнтамі Ўкраіны і Расеі.
Фотагалерэя выйшла пад загалоўкам «Минск. Территория мировой надежды». «Актуальнейшы саміт, да якога была прыцягнута ўвага ўсяго сьвету, прайшоў у Менску пад сьцягамі Беларусі, Расеі, Нямеччыны, Францыі і Ўкраіны», — піша «СБ». Тэму перамоваў — урэгуляваньне ваеннага крызісу на ўсходзе Ўкраіны — «СБ» ацэньвае гэтак: «Для Беларусі ён таксама зьяўляецца сур’ёзнай пагрозай, паколькі адбываецца ў непасрэднай блізкасьці ад нашых межаў».
Падобны загаловак — «Актуальнейший саммит в Минске» — на першую паласу вынесла яшчэ адно цэнтральнае выданьне, газэта «Рэспубліка». «Саміт яшчэ да ягонага пачатку назвалі паваротным: многія палітыкі лічаць, што гэта рэальны шанец на мірнае вырашэньне ўкраінскага крызісу і страціць яго нельга».
Адна з найстарэйшых дзяржаўных газэт «Звязда» зьмяшчае на першай старонцы фатаздымак кіраўнікоў пад назвай «„Мінск“ сугучнае зь „Мір“». У артыкуле, дзе сьцісла пераказваецца сутнасьць падзеі, сказана: «Мінск, старажытны горад, які адрадзіўся з попелу пасьля апошняй (дай Бог, каб яна на гэтай зямлі была апошняй ва ўсёй далейшай гісторыі) вайны, бадай, найлепшае месца, каб зрабіць упэўнены крок назад ад крывавай бездані».