У пошце Свабоды па-ранейшаму багата допісаў на тэму драматычных падзеяў на паўднёвым усходзе Ўкраіны. Назіраючы за тым, як гэты крызіс усё глыбей уцягвае ў свой вір Украіну і Расею, многія слухачы задумваюцца над тым, якая будучыня чакае Беларусь.
Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога ліста. Наша слухачка Тацяна Колышава зь Менску піша:
«Нават калі да ўлады у Расеі прыйдзе нехта іншы — кшталту Навальнага або Хадаркоўскага — наўрад ці яны адмовяцца ад анэксіі Крыму альбо прызнаюць віну Расеі ў разбурэньні Данбасу. Імпэрскія амбіцыі глыбока заселі ў галовах расейцаў. Можа, толькі распад самой Расеі на кавалкі, аддзяленьне ад Масковіі яе нацыянальных аўтаноміяў, а таксама Ўралу і Сыбіры ацьвярозіць іх і пазбавіць адвечных мрояў пра ўласную веліч. Скажаце, што гэта немагчыма? Але хто яшчэ ў сярэдзіне 80-х гадоў мог падумаць, што „адзіны і магутны“ Савецкі Саюз дыхае на ладан?
Іншая справа, што мы, беларусы, са сваім мэнталітэтам можам вельмі проста загінуць пад абломкамі імпэрыі, якая напрыканцы свайго існаваньня пацягне за сабой у бездань усіх, каго здольная зачапіць.
...Сумна, што замест таго, каб заняцца нарэшце ўмацаваньнем уласнай нацыянальнай дзяржавы, улада перад чарговымі так званымі „выбарамі“ зноў у гэтай справе нічога ня робіць. Адразу пасьля пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны было некалькі сьціплых намёкаў на магчымасьць нейкіх зрухаў у справе беларусізацыі, а цяпер зноў усё заціхла».
Сапраўды, на працягу мінулага году Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў прыхільна выказваўся пра ідэю пашырэньня ўжытку беларускай мовы: распачатая Пуціным імпэрская кампанія за аб’яднаньне так званага «Русского мира» яўна азадачыла беларускага лідэра. Але заўважце: падчас апошняй вялікай прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка даў зразумець, што ніякіх зрухаў у справе беларусізацыі чакаць ня варта: усё застанецца па-ранейшаму. Чаму? Відавочна, што і ў гэтай, і ў іншых сфэрах вырашана пазьбягаць любых зьменаў. Навошта мяняць тую сыстэму, якая больш за дваццаць год забясьпечвала непарушнасьць рэжыму аднаасобнай улады? А што да пуцінскай ідэі «Русского мира», то, паводле лёгікі Лукашэнкі, гэты «мир» на захад ад Расеі заканчваецца ня там, дзе перастае гучаць расейская мова, а там, дзе пачынаецца ягоная (Лукашэнкава) непадзельная ўлада.
Наш слухач Юры Насевіч з Баранавічаў, разважаючы пра выбары, якія маюць адбыцца ўжо неўзабаве, задае пытаньне, зьвязанае зь невыязным статусам шматгадовай кіраўніцы Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай. Спадар Юры піша:
«Паважаны Валянцін, даўно мяне цікавіць такое пытаньне. Ці зьявіцца калі-небудзь у спадарыні Ярмошынай магчымасьць ажыцьцявіць даўнюю мару — наведаць Парыж? Вось пакіне яна сваю пасаду, сыдзе на пэнсію — а ў „чорных сьпісах“ Эўразьвязу яе пакінуць? Ці ўсё ж выкрасьляць? Няўжо беднай жанчыне так і давядзецца да канца жыцьця варыць баршчы ў сябе дома і ніколі не пакаштаваць парыскіх круасанаў? Увогуле, ці ёсьць такія асобы, якіх выкрасьлілі з „чорных сьпісаў“ і якія цяпер могуць вольна езьдзіць па краінах Эўразьвязу?».
Такія санкцыі, спадар Юры, відавочна, не пажыцьцёвыя. Эўразьвяз пэрыядычна пераглядае гэтыя сьпісы: кагосьці выкрэсьлівае, кагосьці — дадае. Напрыклад, летась у верасьні з «чорных сьпісаў» «неўязных» выдалілі адразу 24 асобы. Гэта, напрыклад, былыя судзьдзі, якія выносілі прысуды палітвязьням; былыя чыноўнікі, якія страцілі свае колішнія пасады альбо зьмянілі працу. Ёсьць сярод тых, хто зноў атрымаў права на шэнгенскую візу, і былыя сябры Цэнтравыбаркаму — Аляксандар Каляда, Надзея Кісялёва, Мікалай Стош ды іншыя. Так што ёсьць усе падставы меркаваць, што, стаўшы пэнсіянэркай, Лідзія Ярмошына зможа ўбачыць Парыж.
Аўтар наступнага ліста, Мікола Валошчык зь Белаазёрску Бярозаўскага раёну, разважае пра тых людзей, якія найперш становяцца ахвярамі афіцыйнай прапаганды. Слухач піша:
«Сярод тых людзей, хто падтрымлівае Лукашэнку і расхвальвае яго ўладу, шмат такіх, хто няздольны самастойна думаць і рабіць высновы. Такія разьлічваюць на тое, што за іх нехта падумае, прыме рашэньні і вырашыць усе іхныя праблемы. Такім вельмі лёгка прыстасавацца да любой сыстэмы. Ня варта скідаць з рахунку і аднабаковую хлусьлівую прапаганду, якая маніпулюе сьвядомасьцю даверлівых прастадушных людзей. Такая навязьлівая прапаганда трывала сядзіць у падсьвядомасьці людзей, змагацца зь ёй надзвычай цяжка.
Таму Радыё Свабода робіць патрэбную і карысную справу. Празь лісты слухачоў вы дапамагаеце іншым людзям заставацца асобамі, здольнымі думаць, аналізаваць факты і прымаць самастойныя рашэньні».
Да вашых, спадар Мікола, бясспрэчных высноў дадам хіба тое, што прапаганда найперш узьдзейнічае на тых, хто сам ахвотна гатовы спажываць яе, хто ня робіць высілкаў, каб супастаўляць інфармацыю з розных крыніцаў, крытычна ацэньваць прачытанае і пачутае. Даволі дзіўна чуць потым ад гэтых людзей шчырае абурэньне: «Як жа так здарылася, што нас падманулі?»
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.