Кіраўнікі Расеі, Украіны, Германіі і Францыі правядуць у сераду, 11 лютага, сустрэчу ў Менску, прысьвечаную ўрэгуляваньню ўкраінскага крызісу. Бакі чакаюць, што іх намаганьні ў час сустрэчы ў Менску прывядуць «да неадкладнага і безумоўнага двухбаковага спыненьня вагню».
Пазьней стала вядома, што аб сустрэчы ў Менску папрасілі Лукашэнку спачатку Парашэнка, а потым і Пуцін.
Як мяркуе палітык Вінцук Вячорка, ад перамоваў у Менску выйграе толькі Лукашэнка:
«Калі такая сустрэча плянуецца, то паўстаюць два пытаньні. Па-першае, так званыя менскія пагадненьні цалкам сарваныя Расеяй, і ажыўляць іх у новай сытуацыі замест таго, каб на справе дапамагчы Украіне абараніцца ад агрэсара, — значыць дапамагаць агрэсару.
Па-другое, пры любым выніку такой сустрэчы набірае пункты толькі Лукашэнка, які старанна лепіць сабе імідж пасярэдніка і міратворца. Пры гэтым у Беларусі нарастае вайсковая прысутнасьць Расеі, г. зн. Лукашэнка аніяк не бесстароньні бок. Таксама і таму, што ён не прымае свабоднага волевыяуленьня ўкраінскага народу».