Літоўскі віцэ-міністар: Санкцыі здымуць, калі ня будзе палітвязьняў

Эўропа спыніць свае санкцыі адносна рэжыму Аляксандра Лукашэнкі толькі тады, калі будзе дасягнуты значны прагрэс у сфэры абароны правоў чалавека і будуць вызваленыя палітвязьні.

Такую заяву зрабіў сёньня ў Вільні намесьнік міністра замежных спраў Літвы Андрус Крывас. 4 лютага ён быў у Менску, дзе праводзіў перамовы са сваёй калегай — намесьніцай міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной.

Літоўскі дыплямат таксама заявіў, што яго краіна высока ацэньвае пазыцыю Беларусі ў расейска-ўкраінскім канфлікце і рашэньне Менску не далучацца да санкцыяў, якія Расея ўвяла ў дачыненьні да краін Эўразьвязу.

Паводле Крываса, на саміце «Ўсходняга партнэрства», які пройдзе ў Рызе 21–22 траўня, Беларусь можа парафіраваць пагадненьне з Эўразьвязам аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі.

Закрануўшы тэму прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якія павінны адбыцца не пазьней за 20 лістапада 2015 году, літоўскі дыплямат адзначыў «неабходнасьць празрыстай арганізацыі перадвыбарчага працэсу і выбарчай кампаніі з прыцягненьнем міжнародных мэханізмаў назіраньня».