У студзені 2015 спаўняецца 20 гадоў прэміі імя Алеся Адамовіча. Да гэтай нагоды Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Беларускі ПЭН-цэнтар прымеркавалі вечарыну памяці пісьменьніка, публіцыста, літаратуразнаўцы, сцэнарыста, грамадзкага дзеяча Алеся Адамовіча (1927–1994).
Апошнія гады былі багатыя на выданьні і перавыданьні твораў Алеся Адамовіча, прэзэнтацыя якіх адбудзецца на вечарыне. Летась выйшла «Выбранае» Алеся Адамовіча ў «Беларускім кнігазборы». У Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве «Лениздат» выйшла «Блокадная книга» з дадаткамі з архіўных матэрыялаў. Беларускае выдавецтва «Попурри» перавыдала кнігу «Каратели» з ілюстрацыямі Арлена Кашкурэвіч і з новай прадмовай. Khatyn. «Хатынская аповесьць» выйшла ў Лёндане ў выдавецтве Glagoslav Publicаtions.
Дачка Алесь Адамовіча, навуковы супрацоўнік Літаратурнага музэю Якуба Коласа Натальля Адамовіч адзначае, што апошнія гады прэмія Беларускага ПЭН-цэнтра імя Алеся Адамовіча ўручаецца ня кожны год.
Натальля Адамовіч: Але я спадзяюся, што публіцыстыка будзе запатрабаваная ў нашай краіне доўга. Першыя гады кожны год давалі па 5 прэмій. Гэта былі часы, калі старшынявалі ў ПЭН-цэнтры Шэрман і Быкаў. Тады іншая атмасфэра была ў краіне. Грошы былі на прэмію. А потым сапраўды ня кожны год уручалі. Але вельмі годным людзям, Са мной папярэдне ня раяцца, проста тэлефануюць і кажуць, каго вырашылі ўзнагародзіць, і пытаюцца, ці ня супраць я. Я не была супраць ніколі. 35 чалавек ужо сталі ляўрэатамі прэміі Адамовіча з 1995 году. Апошнім быў Алесь Бяляцкі. Ніводнага лішняга ці прахаднога не было. Кожны пакінуў свой сьлед.
Ганна Соўсь: Як вы лічыце, наколькі годна ўшанаваная памяць Алеся Адамовіча ў Беларусі?
Натальля Адамовіч: Ёсьць вуліца адна ў пасёлку Глуша, помніка няма, музэю няма... 16 гадоў толькі размовы ідуць. Мяняюцца чыноўнікі, а выніку няма. Летась было 20 гадоў, як ня стала Адамовіча. І амаль усе ягоныя сябры сышлі ўжо. Так што на адкрыцьцё, нават калі і будзе музэй, няма каго і запрасіць з сяброў. Была вельмі добрая выстава Адамовіча ў музэі гісторыі беларускай літаратуры. Выходзілі кнігі. Дзьве выйшлі ў 2013, дзьве ў 2014 годзе. Год назад ня стала маёй маці. Яна да апошняга дапамагала ў працы над гэтымі выданьнямі. На жаль, апошнія дзьве кнігі («Блякадную кнігу» і «Карацелі») не пабачыла.
Ганна Соўсь: За 20 гадоў пасьля сьмерці Адамовіча ці былі з боку дзяржавы крокі ў справе ўшанаваньня яго памяці? Ці выдаваліся дзяржаўнымі выдавецтвамі ягоныя кнігі?
Натальля Адамовіч: «Беларускі кнігазбор» выдаваў. «Мастацкая літаратура» плянуе выдаць «Блякадную кнігу» ў поўным варыянце да юбілею перамогі ў вайне сёлета. Абяцалі перакласьці на беларускую «Блякадную кнігу» ў поўным варыянце. А збору твораў Алеся Адамовіча няма. Выйшаў адзін толькі том у 1995 годзе, хаця плянавалася шэсьць тамоў. І ўсё. Ягоныя кнігі выходзяць паасобна...
Прэмія імя Алеся Адамовіча — штогадовая літаратурная прэмія Беларускага ПЭН-цэнтра. Заснаваная ў 1995 годзе і ўручаецца за найлепшую публіцыстычную кнігу году. Напачатку ўручалася 3 верасьня — у дзень народзінаў Алеся Адамовіча, пазьней — у дзень яго сьмерці 26 студзеня. Мае выгляд мэдаля, дыплёма і грашовай сумы. Ляўрэатамі прэміі былі 1995 Анатоль Казловіч, Павел Шарамет, Віталь Цыганкоў, Валянцін Жданко, Анатоль Алай, Самсон Палякоў; 1996 Аляксандр Ступнікаў, Людміла Хейдарава, Віталь Тарас, Рыгор Барадулін, Сяргей Пятроўскі; 1997 Герман Кірылаў, Барыс Хамайда; 1998 Сяргей Дубавец, Жана Літвіна; 1999 Ігар Гермянчук; 2000 Міхась Скобла, Сяргей Шупа; 2001 Валянцін Акудовіч, Валеры Дранчук; 2002 Ганна Соўсь; Валянцін Аскоцкі, Тэры Карлбом, Х’ел Улаф Енсэн; 2005 Генадзь Бураўкін; 2006 Сяргей Навумчык; 2007 Павал Севярынец; 2011 Сяргей Шапран; 2012 Аляксандр Тамковіч, Мікалай Мельнікаў; 2013 Аляксандр Фядута, Валерка Булгакаў; 2014 Алесь Беляцкі.