«Мае візыты ў паўтара дзесятка краін сёлета — гэта дывэрсыфікацыя экспарту, каб атрымаць валюту. Вось там будзем шукаць, а не спадзявацца на крэдыты».
З гэтай нагоды эканаміст Леў Марголін адзначае:
«Канечне, хацелася, каб ягоныя візыты былі б плённымі, хоць гэта ня найлепшы сродак выратаваньня эканомікі. Дывэрсыфікацыя сапраўды дазволіла б лепш прадаваць беларускую прадукцыю. Магчыма, тады і не спатрэбілася б шукаць новыя крэдыты.
Але ж пакуль усе бачаць, што візыты Лукашэнкі не назавеш плённымі. Нават у Кітай. Бо Кітай нам, акрамя зьвязаных крэдытаў на будаўніцтва кітайскімі рабочымі ды кітайскае абсталяваньне, больш нічога не даваў. Пра іншыя краіны і гаварыць няма чаго.
Таму было б добра, калі б беларускі экспарт пасьля ягоных візытаў і сапраўды рвануў угору. Але спадзяваньняў на гэта, на жаль, няма».