Ці на ўсе пытаньні адказвае Лукашэнка?

Алесь Дашчынскі

За два дні да новай прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў дзяржаўных мэдыях як ніколі пачалі яе піярыць. Вось галоўная газэта адміністрацыі прэзыдэнта «Советская Белоруссия» назвала свой артыкул «Откровенный разговор».

Усе афіцыйныя СМІ стараюцца паказаць маштабы гэтай падзеі: «Спытаць пра надзённае ў кіраўніка дзяржавы гатовыя» амаль тры сотні журналістаў.

Зрэшты, афіцыйныя мэдыі прызнаюць, што ня кожны з журналістаў зможа задаць пытаньне — гэта проста фізычна немагчыма, бо прэс-канфэрэнцыі і так цягнуцца гадзін па пяць.

«Пытаньні на сустрэчах з журналістамі да прэзыдэнта розныя: ад глябальных — інтэграцыя, зьнешняя палітыка, эканамічная стабільнасьць, — да лякальных і нават часам асабістых, з разраду — любімая страва. Але кіраўніка дзяржавы складана зьдзівіць часам нават каверзнымі пытаньнямі: ён заўсёды адказвае адкрыта і прама», — распавядае карэспандэнт тэлеканалу СТВ.

«Аляксандар Рыгоравіч заўсёды ўспрымае добра любое пытаньне, як сур’ёзнае, так і больш лёгкае. І адказвае аднолькава — прама, адкрыта, сумленна», — кажа яшчэ адзін прадстаўнік афіцыйнага СМІ.

У гэтым жа ключы працягвае і БТ: «У Палацы Незалежнасьці адбудзецца гранічна адкрыты дыялёг прэзыдэнта з журналістамі з усяго сьвету».

СТВ дадае: «І яшчэ адна асаблівасьць падобных сустрэч — ніводнае пытаньне журналістаў не абыходзіцца аднаскладовым адказам».

Але ці на ўсе пытаньні насамрэч адказвае Лукашэнка?

На мінулай вялікай прэс-канфэрэнцыі, якая яшчэ праходзіла ў Нацыянальнай бібліятэцы, я пытаўся ў Лукашэнкі, дзе ён будуе сваю новую рэзыдэнцыю.

Дашчынскі: «Скажыце, а новая рэзыдэнцыя ўсё ж будуецца ці не будуецца?»

Лукашэнка: «Будуецца ці не будуецца? Я рэзыдэнцыі сабе для жыцьця нідзе не будаваў. У мяне на поўдні ў Чарнобыльскай зоне, калі зайшла размова (а я прыхільнік быў рэанімаваць гэтыя землі), мы вырашылі на Прыпяці пабудаваць драўляны дом. І мы яго пабудавалі. У Віцебскай вобласьці ў мяне такі ж драўляны дом. Не ў мяне — у дзяржавы. Я магу туды ад’яжджаць. І, вы ведаеце, пачынаецца пасяўная — і я жыву на той жа Прыпяці, у той жа чарнобыльскай зоне, дзе вы ні разу не былі. Ну, можаце мяне за гэта папракнуць. Дык якая ж там шыкоўная?!»

Адказу, як бачым, так і не паступіла. Кіраўнік дзяржавы не захацеў адказваць на пытаньне, якое яму было тады нязручным. Ну што, цяжка было сказаць: «Так, будуем новую рэзыдэнцыю ў год беражлівасьці. Гэта будзе наш Палац незалежнасьці. Я там з сынам жыць ня буду. Каштуе гэта столькі і столькі. Там няма ніводнага бюджэтнага рубля і гэтак далей. Доступ у гэтую рэзыдэнцыю будзе свабодны, як у музэй».

Цяперашняя прэс-канфэрэнцыя пройдзе ў гэтай прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі. Вось, нарэшце, і адказ на пытаньне.