«Абвал расейскага рынку, абвал расейскай валюты, а гэта палова нашага экспарту, сур’ёзна паўплываў на нашу эканоміку», — заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас сёньняшніх кадравых прызначэньняў.
«Сказаць, што вы прыходзіце на кіроўныя пасады ў няпросты час, гэта значыць не сказаць нічога. Час вельмі складаны як з пункту гледжаньня эканомікі, так і ў палітычных адносінах. Мы да гэтага часу яшчэ, як і многія нашы суседзі ды і іншыя дзяржавы, ня выйшлі з таго эканамічнага крызісу, які ўзьняўся ў сьвеце».
Лукашэнка сказаў, што цяпер разгарнулася вельмі сур’ёзная праца па дывэрсыфікацыі рынкаў збыту беларускіх тавараў:
«Становішча няпростае, але не катастрафічнае і нават не крытычнае».
Паводле кіраўніка краіны, заробак дзяржслужбоўцаў трэба падвышаць, але за кошт аптымізацыі і скарачэньня дзяржапарату, мінімізацыі тых функцый, якія дзяржапарат павінен ажыцьцяўляць.
«Падымецца эканоміка (паверце, ніхто ў папулізм гуляць ня будзе), і дастойная зарплата будзе ня толькі ў вас, але і іншых людзей, якія жывуць у нашай краіне. Таму трэба проста па-чалавечы ставіцца да гэтых працэсаў і разумець гэтыя працэсы», — сказаў Лукашэнка.
Ён таксама заклікаў дзейнічаць акуратна:
«Вельмі вас папрашу па прыбыцьці на месца, асабліва старшыняў райвыканкамаў, гэта самае галоўнае — не наламіце дроў. Будзьце вельмі акуратныя — вы на перадавой. Проста зразумейце, што сытуацыя вакол няпростая, і нам любымі лёсамі трэба ўтрымаць краіну. У адваротным выпадку мы скацімся да таго, што адбываецца ў асобных дзяржавах, у тым ліку і ў нашых суседзяў. Гэтага дапусьціць нельга. Ня трэба тут казаць, што мы чагосьці баімся. Калі і баімся, то толькі за сваю краіну, каб яе захаваць. Мы не баімся ніякіх пагроз. Трэба баяцца за нармальнае жыцьцё свайго народа і існаваньне сваёй дзяржавы», — цытуе Лукашэнку прэзыдэнцкая прэс-служба.