У турме на Акрэсьціна 26 студзеня актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі распачаў сухую галадоўку пратэсту супраць вынесенага яму прысуду.
23 студзеня суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў актывіста адміністрацыйным арыштам на 15 сутак за ўдзел ва ўшанаваньні памяці герояў «Нябеснай сотні» каля помніка Тарасу Шаўчэнку.
Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Увечары 22 студзеня каля 15 чалавек запалілі зьнічы і ўсклалі кветкі да помніка Тарасу Шаўчэнку ля амбасады Ўкраіны. Быў разгорнуты партрэт беларуса Міхаіла Жызьнеўскага, які загінуў на Майдане ва Ўкраіне.
Удзельнікаў акцыі затрымалі амапаўцы. 5 актывістаў суд пакараў арыштамі, а Ніну Багінскую аштрафавалі.
У красавіку 2014 году Максім Вінярскі таксама трымаў сухую галадоўку.